Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ненага ў сваіх сілах. Шэрыя вочы яго пазіралі ўдумліва і сур‘ёзна, а часамі насьмешліва.

Яго паяўленьне ў Заборцах было цэлаю праяваю вясковага жыцьця, бо ў сваім часе ён нарабіў столькі шуму ў сяле, што аб ім доўга гаварылі і прарочылі яму нялюдзкую долю. Аказалася-ж, што ён вярнуўся жывы і здаровы і ў вус сабе ня дзьме.

Завярнуўшы ў свой двор, Сьцёпка спаткаўся з бацькам. І сын і бацька спыніліся, моўчкі паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Сур‘ёзнасьць раптам зышла з твару Міхайлы Баруты, а вочы засьвяціліся радасьцю.

— Глядзеце, што за дуб! І бура ня зваліць! — і нота задаваленьня пачулася ў голасе Баруты-бацькі.

— Дармо, бацька! Досыць пад бурамі гнуцца!

І бацька і сын павіталіся за рукі.

— А нічога сабе кормяць там вас, дальбог… Ну, маладзец, што на бацьку не зацяўся. Пойдзем-жа ў хату… Давай свой „чумадан“.

Не зрабілі і двух крокаў, як з хаты выбегла маці.

— Ах, сыночак мой, Сьцёпачка! — і са сьлязьмі кінулася да сына.

— Папробуй узяць яго на рукі, пажартаваў Міхайла.

Усе трое ўвайшлі ў хату. Зараз-жа прыбег і Юрка; Алеся ня было дома, у полі быў. Маці закідала сына пытаньнямі, плакала і сьмяялася. А Сьцёпка паважна расчыніў пакоўны чамадан і вынуў адтуль вялікую суконную хустку, гасьцінец для маткі, а потым вывалак боты на бацькаву нагу, а для братоў дастаў кусок матэрыі на кашулі, карандашы і сшыткі. Юрка зараз-жа пабег з карандашом на вуліцу пахваліцца сваім гасьцінцам і нават расьпісаўся некалькі разоў на сьценах. Падышлі сваякі і суседзі. А па Заборцах скора пайшла гутарка, што Сьцёпка „навалок“ дадому дабра.

Пад вечар таго-ж самага дня пайшоў Сьцёпка за сяло.

— Куды-ж ты, сынок, пойдзеш? — запытала маці.

— Прайдуся пад „сьвяты калодзеж“.

— Хаця-ж ты, сынок, не чапай яго, — затрывожылася маці.

— Не, — махнуў рукою Сьцёпка: — зусім ня тое ў мяне на ўме.

А потым, запыніўшыся, сказаў да бацькі.

— Ведаеш, тата, што я тут хачу рабіць?

— Ну?

— Думаю папробаваць спусьціць Гнілое Балота ў Міранку.

Паглядзеў Міхайла на сына, і твар яго нейк зьмяніўся.

— Вось гэтая, брат, думка была і ў мяне, дальбог!

Памаўчаў.

— Уся справа ў тым, каб знайсьці рукі, — сказаў ён, — ну і трэба галава, каб магла пакіраваць гэтаю справаю.