Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І сэрца забілася ў Аленкі, калі зірнула яна на конвэрт, на чоткі характар Сьцёпкавай рукі. І ліст быў ня просты, а заказны. І было ў гэтым лісьце тое, чаго Аленка ніяк не спадзявалася: Сьцёпкава фотографія! Як глянула на гэтую фотографію, радасьцю зацьвіла дзяўчына і шчокі яе макам загарэліся. Ну, жывы Сьцёпка! Як-жа добра ён вышаў! Аленка некаторы час не магла адвесьці вачэй — хвацкі хлопец. Сур‘ёзны, нешта думае вочы пазіраюць кудысь далёка, лоб высокі, адкрыты, валасы назад закінуты. Твар падалікатнеў — што значыць у горадзе хлопец жыве, вучыцца. І вусікі чуць прабіваюцца. Глянула на другі бок фотографіі, а там напісана: „Дарагому другу дзяцінства, мілай Аленцы на ўспамін ад Сьцёпкі. Менск, 30-V 1924“. Да сэрца прыгарнула Аленка Сьцёпкаву фотографію, тайком пацалавала яе, схавала і пачала чытаць ліст.

Сьцёпка паведамляў яе, што гэтым летам ён ня можа прыехаць у Заборцы, хоць яму і дужа хочацца пабачыцца з Аленкаю і наогул пабыць дома. Летам ён паедзе ў далёкую акругу аж пад самае Палесьсе і там прабудзе аж да канца канікул. Пытаўся, як скончыла Аленка сямігодку і што думае далей рабіць. З свайго боку ён радзіць ёй не закідаць кнігу і ня падаць духам: можна падгатавацца ў вуз самой, як падгатаваўся Сьцёпка сам, каб паступіць на рабфак. Ён вышле ёй програмы, а яна няхай напіша яму, якія кнігі ёй патрэбны — і гэтыя кнігі ён ёй вышле. Ня трэба зварачаць увагі на тое, што маці ёй кажа: жанчына павінна прабіваць сабе дарогу ў новае жыцьцё. Ён напомніў тут словы Леніна аб тым, што кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржаваю, і напісаў, якое значэньне мае сялянка (разумеецца, адукаваная) у організацыі новага быту ў вёсцы. Толькі тады культура ў вёсцы паднімецца на належную вышыню, калі культурнаю стане жанчына-сялянка.

Далей апісваў Сьцёпка свой погляд на поэзію і на яе значэньне як у рэволюцыі, так і наогул у жыцьці чалавека, і сам Сьцёпка ні ў якім разе не зьяўляецца праціўнікам яе. Аленка не павінна крыўдзіцца на яго за рэзкае слова яго аб поэтах, бо часта, трэба прызнацца, прыходзіцца, чытаць такія вершы, што і сам Сьцёпка, хоць ён ні ў якай меры не поэта, але напісаў-бы лепш. На падставе некаторых прымет залічыў ён Аленку ў сапраўдныя поэты, а дзеля гэтага ніякім чынам ня трэба закідаць ёй „сваю размову з музамі“.

У канцы Сьцёпка пісаў, што ён намеціў сабе плян работы на летні час і гэты плян ён пастараецца ажыцьцявіць у Заборцах, куды ён прыедзе на другое лета. „Ты-ж, Аленка, жывучы дома, прыглядайся да балючых месц вёскі, да яе патрэб, пішы ў газетуСавецкая Беларусь“, асьвятляй сучаснае жыцьцё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі. Гэта будзе твая пер-