здаровы організм памаглі ёй скора аправіцца. Цяпер яна нават яшчэ больш пахарашэла.
Раз яна сказала Сымону:
— Ведаеш, Сымон, якая была ў мяне хвороба?
— Ангіна ў вострай форме.
Ніна ўсьміхнулася.
— Гэта табе нашы дзяўчаты сказалі так, а хвароба ў мяне была другая, і табе, як свайму прыяцелю, я скажу: я рабіла аборт.
І глянула на яго.
Сымон апусьціў вочы. Ён як-бы не знаходзіў, што сказаць ёй на гэта, і адчуваў сябе нялоўка.
— Я думаў, Ніна, што гэта магло быць. Было-б лепш, каб гэтага ня здарылася.
Ніна ўздыхнула.
— Ты праўду сказаў, што было-б лепш. І ўсё гэта абышло мне цяжка і балюча.
Яна прамаўчала.
— Але за то-ж я набыла пэўную жыцьцёвую навуку.
— Якую?
— Папершае, у вашым браце яшчэ моцна сядзіць старасьвецкі чалавек. Трэба сядзець яму там ці не, ня ведаю, але ён ёсьць. І падругое, „таварыш“ і „друг“, аб якіх вы, мужчыны, кажаце нам, бабам, — пустыя словы.
— Што табе ўсё гэта абышло балюча-цяжка, я з гэтым згоден і гэтаму веру, але я ніяк не згаджаюся з тваёю „навукаю“. Паміж імі адбылася гарачая спрэчка і, як відаць, у гэтай спрэчцы Ніна здалася, бо яна сказала:
— У цябе гэтага старасьвецкага чалавека няма, і ты папраўдзе бачыш ува мне роўнага сабе друга.
XVIII
Прыслаў Сьцёпка адказ на Аленчын ліст.
Гэты ліст прышоў да Аленкі тады, калі яна ўжо скончыла сямігодку і жыла дома. Яна ўжо нават страціла надзею на гэты ліст і пад уплывам смутнага разважаньня напісала некалькі лірычных вершаў. Адзін такі верш пачынаўся так:
|
Я вяночкам мар дзявочых |