Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо другі месяц глядзіць яна за сабою, і чым дальш, тым больш ясна для яе, што з ёю здарылася гэтае няшчасьце. Яна так баялася яго, і яно ня мінула яе. Тайком хадзіла да спэцыяльнай асобы, каб упэўніцца ў сваёй дзявочай бядзе. Бяда гэтая прышла, прышла і ашаломіла дзяўчыну. Вось чаму так было балюча ёй, калі прышла яна да блізкага чалавека, каб падзяліцца з ім сваёю прыгодаю і не пачула ад яго ласкавага слова. Мала таго, што аплёван яе дзявочы гонар, бо ён-жа кінуў яе, — ён-жа абвінаваціў яе ў сваім няшчасьці! Каб яна ведала, як няветла сустрэне яе, не пайшла-б да яго і ніколі-б ня прызналася яму ў тым, у чым не хапае ў яе сьмеласьці цяпер прызнацца таварышкам. Нашто казала яна яму аб гэтым… Ну, але-ж назад ня вернеш таго, што сказала. Трэба нешта зрабіць, ужыць некаторыя меры, на нешта адважыцца. Трэба з кім-небудзь парадзіцца. А можа лепш зьліквідаваць усю гэтую справу цішком?

Гэтая прыгода засланіла сабою ўсё. Аб ёй многа думала, насіла яе ў сваім сэрцы, у сваіх мысьлях, балела, мучылася ёю. І не хацелася ёй, каб аб гэтым даведаліся ўсе. Праўда, усе ведаюць, што сышлася яна з Шулевічам. Да ці мала хто з кім сходзіцца. Зыйдуцца і разыйдуцца. Такіх здарэньняў многа, асабліва цяпер. І калі паглядзець на гэтую справу бяз усякіх забабонаў, проста, то што-ж тут нязвычайнага? Яе-ж страхі і стыд — адгалоскі даўнейшых поглядаў на жанчыну, калі яна была зьняволена і цалком аддана пад уладу мужчыны. І тыя многалікія факты, калі сучасная жанчына перастала лічыцца з старымі поглядамі на цнатлівасьць, і погляды сучаснасьці на яе, — усё казала Нінцы за тое, што ёй няма чаго сароміцца таго, што з ёю здарылася. І тым ня меней у яе няма сьмеласьці прызнацца ў гэтым перад таварышкамі. Відаць, яшчэ моцны ў ёй тыя ніці, што зьвязваюць яе з жанчынаю старога часу. Ну, а што, калі-б яна расказала ўсё Сымону? З Сымонам яна гуляла ў час перапынкаў. Ён быў з ёю вельмі добрым, уважлівым і далікатным. Цікава, як-бы ён паглядзеў на гэта і як-бы да яе аднёсься? Гэта мысьль моцна засела ў галаве Ніны, але сказаць яму ўсё-ж такі не адважвалася — проста ў гэтым і патрэбы ня было. Але рана ці позна яна скажа яму ўсё.

Некалькі дзён Ніны ня відаць было на рабфаку. У той-жа дзень Сымон заўважыў гэта. Ганна Будай, таварышка яе па кватэры, на яго запытаньне, што з Нінаю, сказала, што Ніна хворая. А калі вечарам ён прышоў даведацца яе, то аказалася, што яе адвезьлі ў больніцу. Гісторыя простая: Ніна спрабавала нейкі дамарослы спосаб. Ёй стала нядобра, і яе чуць жывую адвезьлі ў больніцу. Праз тыдзень яна вярнулася. Ніна значна пахудзела і была бледна, апала з твару. Але маладыя сілы і