— Раней ты ніколі ня прыходзіла да мяне з такім запытаньнем… Сядай, Ніна, — абарваў ён сябе самога, бо пачуў, што ня так пачаў, як трэба.
Яна ўздыхнула.
— Але-ж раней ты не сустрачаў мяне з такою кіслаю мінаю, Марцін!
Яна зрабіла намаганьне над сабою, каб усьміхнуцца яму.
— Ты выдумляёш, Ніна, я заўсёды рад табе, — вочы Шулевіча зірнулі кудысь у бок.
— Не, Марцін, ня лжы ты сабе самому, раней ты быў не такі, зусім не такі. Хіба-ж я ня бачу? Раней, калі я прыходзіла да цябе, то ў мяне на сэрцы было спакойна, сьветла, радасна. А цяпер я чую, што я чужая табе, і я адчуваю нейкі страх, калі падыходжу да твайго парогу, бо ты ня любіш мяне. А можа ты мяне і ніколі ня любіў.
— Ты сама сабе супярэчыш, Ніна: наўперад у тваім сэрцы было сьветла, радасна і яшчэ там нешта было, бо ты ведала, што я цябе люблю. А цяпер ты раптам кажаш, што можа я цябе і ніколі ня любіў.
— За словы, Марцін, лёгка ўчапіцца, але-ж ня ў словах тут сіла, а ў факце.
— Якая ты нудная, Ніна! — з болем у голасе прамовіў ШУухевіч: — я ня ведаю, чаго ты хочаш ад мяне.
— Ну, ня злуйся, Марцін, мой мілы, мой харошы! Люблю-ж я цябе, — з ласкавасьцю ў голасе сказала Ніна і памкнулася да яго, каб прыгарнуцца.
Шулевіч зморшчыўся і махнуў рукою, як-бы ад дакучлівай мухі баронячыся.
— Ужо чуў гэта я… Ніна! — ня дзеці мы. Пара ўжо і дзелам заняцца, ня век-жа лізацца нам, — груба адрэзаў Шулевіч: — досыць ужо гэтага мяшчанскага шчасьця! Ты толькі падумай, Ніна, якую каніцель разводзім мы тут, навошта мы час трацім. Ня трэба забывацца, хто і дзе мы, якія грамадзкія і рэволюцыйныя задачы стаяць перад намі. Мы павінны быць авангардам рэволюцыйнага пролетарыяту, мы павінны працярэбліваць дарогі ідэям комунізму і ўсясьветнай рэволюцыі, а не сядзець абняўшыся, ахаць ды вохаць і распускаць нюні: любіць — ня любіць… Не хватае яшчэ для паўнаты гэтай ідыліі сарваць кветачку і гадаць, зрываючы пялёстачкі: „любіць — ня любіць, пацалуе — плюне, к сэрцу прыжме — к чорту пашле“… Цьфу, якая гадасьць! Да якога мяшчанства можна дакаціцца.
То бледнасьць, то чырвань выступалі на яе твары. Слухала, але чула толькі словы, сэнсу-ж іх улавіць не магла. Адно толькі ясна было ёй: яна тут лішняя, нялюбая, — прыелася яму. Усё,