І яшчэ думаў Рыгор Андрэевіч і аб „трудавых процэсах“ у школе. „Трудавыя процэсы!“ Аб іх толькі цяпер і гутаркі. Аб іх пішуць, аб іх гавораць, але што яны такое, як ужываць іх у школе, у якіх формах карыстацца імі, ня ведае ніхто: ня ведае загадчык аддзелу, таварыш Гітман. Ды і скуль ён можа ведаць, калі ён — кравец па профэсіі? Ня ведаюць і школьныя інструктары. Адны кажуць — трудавыя процэсы: наламаць з вучнямі дроў, вымыць падлогу, нанасіць сабе вады. Другія ходзяць з вучнямі рэзаць дубцы і плятуць кошыкі. Ломяць голавы бедныя пэдагогі, як і чым утрудзіць сваю школу. Сказана проста, што ніякіх програм у школе не павінна быць, Школа — гэта кузьня, дзе выкоўваецца і загартоўваецца новае жыцьцё.
Кузьня то яна кузьня, але калі няма жару і вуглёў, то ня выкуеш і клямкі.
Праўда, у яго школе ня было ніякіх процэсаў: ні трудавых, ні гультайскіх. Ня было проста з тае прычыны, што ні да каляд, ні пасьля каляд ні разачку не прапальвалася ў печы, і вучні самі пакідалі хадзіць у школу. Школка гэта была царкоўна-прыходзкая. Яна больш была дапасована дзеля таго, каб вартаваць царкву, чым да навукі. А кнігі, якія былі ў школе, парасьцяганы і раскураны.
А ўрэшце, аб іх і шкадаваць няма чаго. Папершае — кнігі старыя, падругое — царкоўна-славянскія і патрэцяе — адзін школьны інструктар чытаў даклад на павятовым зьезьдзе настаўнікаў даклад на тэму: ці можна навучыць дзяцей грамаце бяз кніг, паперы і карандаша або пяра?
З дакладу выходзіла, што можна. Адзін настаўнік тут-жа зазначыў, што ён навучыў сваіх хлопцаў пісаць палкамі на сьнезе! І ўсе знаходзілі, што гэта орыгінальна і проста.
Можа яно і можна. Сам Рыгор Угоднік такой спробы не рабіў. З гэтае прычыны яму было крыху і нядобра, проста няпрыемна была сама мысьль, што ён ніякае карысьці, як настаўнік, за гэты год ня прынёс. Вось людзі жывуць ня лепей за яго, але яны нешта робяць, нават ухітраюцца вучыць пісьму на сьнезе.
Настаўнік паварушыўся на сваім цьвёрдым ложку, зьняў ногі з біла і лёг на бок. Трэба было так ці іначай выходзіць з гэтага застою. Ён чуў, што ён апускаецца на нейкае дно, што жыцьцё прыдушыла яго, і невядома, ці ён сьпіць, ці жыве. І ўсё на сьвеце страціла для яго цікавасьць. А тымчасам трэба было нешта рабіць, трэба было кудысь пайсьці. Але куды і чаго?
Тут ён успомніў, што яшчэ зранку была ў яго думка схадзіць да Міканора Платоныча, заможнага селяніна-крупарушніка. Ці не разжыўся-б там карвегі хлеба. У той час, калі зьявілася