Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Аленка і яе адказ вельмі займалі Сьцёпкавы мысьлі. І вось гэты доўга чаканы ліст у Сьцёпкавай кішэні.

Выняў Сьцёпка з кішэні ліст, палажыў на разгорнутую кнігу — ну, на ўсякі выпадак, — і стаў чытаць.

„Мілы, дарагі і слаўны Сьцёпачка“, пісала Аленка.

Прачытаў Сьцёпка, прыгледзіўся да гэтых слоў, сказаў іх шапатком, каб пачуць гукавую прыроду іх, вуха сваё задаволіць, і нават пастараўся пачуць іх у вуснах Аленкі — з усіх канцоў добра. А як называе яго — „Сьцёпачка“… Чатыры толькі словы, а колькі ў іх зьместу. Добра нават і тое, што іх тут да пары.

„Ня гневайся на мяне, Сьцёпка: хацела напісаць табе, як дадому прыехала, ды прастудзілася і так кашляла, што аж страшна было слухаць. Хварэла ўсе канікулы і з хаты нікуды ня выходзіла, так, можна сказаць, увесь час на печы і прасядзела. Алесь і Юрка сяды-тады да нас забягалі. Яны ходзяць у школу і вельмі рады, што ты вучышся ў горадзе. „І мы, — кажуць, — скончым школу і таксама пяхотам пойдзем навукі шукаць“. Дома ў вас усе здаровы. І матку тваю бачыла, але пагаварыць з ёю ня прышлося. Калі ты пайшоў тады з сяла, то ўсе казалі, што цябе бог пакарае і што ня будзе табе шчасьця. А як даведаліся, што ты паступіў і вучышся, то зьдзівіліся, а некаторыя казалі нават, што такім бязбожнікам, як ты, памагае чорт. Пра „сьвяты калодзеж“ забыліся: Язэп Дзыгун кінуў сваё „папячыцельства“ ў царкве. Сьмяялася мая маці і расказвала, што, падвыпіўшы, Язэп прызнаўся людзям, што ён даўно адышоў-бы ад бога, але, паважаючы божую матку, ня хоча ёй на старасьці рабіць прыкрасьці. З навін нашага сяла можна яшчэ адзначыць, што памёр дзед Грондзель. Перад сьмерцю казаў, што калі апыніцца на тым сьвеце, то першым дзелам пацікавіцца, ці ёсьць там рай і пекла, а потым прысьніцца старшыне сельсавету, каб ён офіцыяльна паведаміў людзей на сходзе і расказаў усё, што знойдзе там дзед Трондзель.

Цяпер я зноў у Загор‘і. У нас тут залажыўся краязнаўчы гурток. У гэтым гуртку і я працую. Запісала шмат песень, прыказак, сабрала многа ўзораў тканін. Ёсьць у нас і свой краязнаўчы музэй… Вельмі цікавая работа ў краязнаўчым гуртку.

Да канца заняцьцяў засталося два месяцы, а там залікі, і — бывай здарова, сямігодка. Мне нейк і шкода, што скора прыдзецца разьвітацца з сямігодкаю. Куда я потым дзенуся, сама ня ведаю. А хацелася-б яшчэ павучыцца, прабіцца ў вышэйшую школу, пажыць ў горадзе. А ці ўдасца гэта, сказаць трудна. Калі я была дома, і мне нездаровілася, то маці казала, што