была гарадзкая біржа каханьня, дзе завязваліся, а часамі і разьвязваліся яго ня зусім здаровыя ніці.
— Пойдзем адгэтуль, — сказала Ніна.
— Пойдзем, — згадзіўся Шулевіч: — тут нават і пагаварыць няма як. А пагаварыць, Ніначка, нам трэба
Голас яго гучаў ціха і нейк хрыпавата. Зьвярнулі на другую вуліцу, дзе было цямней і спакайней. Прайшлі некалькі крокаў моўчкі, як-бы не знаходзячы слоў. І раптам Ніна пачула, як яго рука шчыльней прытуліла да грудзей яе руку. Яна чуць апусьціла сваю галаву і вочы, і ёй трохі нейк страшна стала: вось скажа тое, што і вабіла і пужала яе. Як бы ў адказ на гэтае прыжыманьне яна таксама лёганька паціснула яго руку. Шулевіч азірнуўся навокала. Момант якраз добры. Моўчкі павярнуў голаву і пацалаваў яе ў шчоку, пацалаваў моцна з запалам, у засос.
— Што робіш? — з боязьню ў голасе сказала Ніна: — на вуліцы?
— Гэтым, Ніна, я сказаў усё, ясна, проста і выразна, — папролетарску. Шулевіч тут пачуў, што той цяжар і неспакой, што быў у ім момант назад, цяпер прайшлі бяз сьледу, а гэтае яе „на вуліцы“ прывяло яго ў радасьць: стала быць, там, дзе ніхто не пабачыць, цалаваць яе можна!
Труднавата было зрабіць пачатак, а далей пайшло лягчэй. Зайшлі ў глухое месца. Цалаваліся там, покі гэты сьверб цалаваньня не прайшоў. І расказалі адно другому, калі хто каго пакахаў, як пакахаў і за што.
— Я люблю ў табе, Ніна, тваю дзявочую, ціхасьць, можа ад таго, што сам я — мяцежная натура, рэволюцыянэр па прыродзе. Люблю тваю нейкую затоеную засмучанасьць, і калі я толькі зірнуў на цябе, я сказаў: „Яна! Вось тая, хто можа быць маім найлепшым таварышом!“ Я чую, што толькі ты, ты адна і можаш быць тым, з кім і можна рука ў руку йсьці па дарозе змаганьня за сьветлыя ідэалы комунізму!.. Ніна! — зьмяніў ён тон прамовы: — я многа сказаў-бы на гэтую тэму, але не хачу прыпадабняцца буржуазным ідэолёгам, каб не сказаць буржуазнай дрэбядзені. Я люблю цябе і — баста.
Ніну вельмі кранулі словы Шулевіча, асабліва тыя, дзе казалася пра яе затоеную засмучанасьць. Праўда, у яе была яна. Як глыбока ён зірнуў у яе душу!
— А я люблю твае цёмныя вочы, Марцін. Яны так глыбокі — не хапае сьмеласьці зірнуць у іх бяздоньне. Яны і вабяць, і чаруюць, і палохаюць. І голас люблю твой, і твой розум, і тваё ўменьне ва ўсім разьбірацца. І яшчэ люблю цябе і за тое, што мяне ты палюбіў.