Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

так нова і цікава. І жыцьцё тут не адным толькі рабфакам замыкалася. Даклады, тыя ці іншыя спэцыяльныя лекцыі вядомых і выдатных асоб, зьезды, паказальныя суды, дыскусіі, — усё гэта было даступна вучнёўскай моладзі. Гэта тыя кузьні, дзе выкоўваліся асновы новага быту і формаваліся будаўнікі новага жыцьця. У вольную-ж часіну можна было і ў тэатр схадзіць, і ў кіно папасьці, ці проста на сваю вучнёўскую вечарынку. А гэтыя вечарынкі ладзіліся часта. З цягам часу круг знаёмства з новымі людзьмі пашыраўся, бо ня любіць моладзь на месцы сядзець. Але поплеч з гэтым расьлі і запатрабаваньні яе да сьвежых і новых уражаньняў і забавак. Тое, што было цікава ўчора, сёньня ўжо траціла сваю прывабнасьць, прыядалася.

У гэты дзень Ніна прачнулася рана, хоць спаць яна лягла зусім позна: іх вечарынка зацягнулася далёка за поўнач. Можна было-б яшчэ паспаць, бо дзень вольны. Але, як ні старалася Ніна заснуць, сон ня браў яе. У галаве быў цяжар, як-бы там волава наліта. Яе таварышкі — Ганна Будай, Роза і Фаня моцна спалі.

Ніна асьцярожненька ўзяла люстэрачка і паглядзелася. Твар яе быў стомлены і бледны. Пад сінімі вачамі былі цёмныя палоскі, а губы сухія, Ніна правяла рукою па губах і пацёрла іх, каб яны хоць трохі пачырванелі і ажывіліся. Паставіла назад люстэрачка, палажыла пад галаву рукі і ляжала нярухліва. Перад яе вачамі прайшоў мінулы вечар з яго програмаю — даклады, вусная газэта і гульні. Вось гэтая офіцыяльная частка вечару адабрала многа часу, і самая вечарынка іх зяцягнулася. Прыеліся ўжо гэтыя даклады, як царкоўная служба даўней. Новага ў іх вельмі мала. Сорак раз чулі іх усе, і нікому яны няцікавы, але ніхто не адважыцца выступіць проціў іх. А можа гэта так і трэба? Можа яна проста несьвядомая і гэтага самага мяшчанства ў ёй многа? Ніна часта чула гэтае слова і баялася яго, як заразы. А што такое мяшчанства, яна не магла даць сабе яснага адказу. Вось Фаня знаходзіць, што той парадак, які быў у іх кватэры, ёсьць мяшчанства, і яна была прынцыпова проціў такой „прылізанасьці“. Мяшчанствам называў Шулевіч усякую дзявочую саромлівасьць. І Ніна стала думаць аб Шулевічу. Хлопец ён прыгожы, спрытны. У пытаньнях марксызму разьбіраецца вельмі добра, і ўвесь ён гарыць, калі выступае з прамоваю. А калі зірне табе ў вочы, то робіцца і радасна і нейк страшна. Ён многа з ёю гутарыў у гэты вечар. І вось гэтыя словы гучаць у вушах Ніны: „Я-б з табою, Ніна, увесь вечар правёў-бы, але, ведаеш, трохі перад братвою нялоўка — гутаркі ўсякія пойдуць“. А калі выходзілі з вечару, то ён правёў яе падручку, а ў цёмным куточку, так моцна абняў яе, што