Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я хачу вось што сказаць. Мне здаецца, што за словамі ня бачым мы жывой работы, сапраўднага дзела. А словагаворню за гэтае дзела прыймаем. Цяпер аб тваім вершы. Верш, бясспрэчна, добры. Ты ў ім заклікаеш ўсіх да работы, да працы, заклікаеш будаваць „дом комуны“. Вельмі добра. Ну, а вось скажы, з чаго ты мысьліш пачаць будаваць гэты дом

— Як з чаго? Перш за ўсё, трэба пашырыць ідэі комунізму сярод шырокіх пластоў народу, трэба паказаць усе выгады і ўсе перавагі колектыўнага жыцьця перад жыцьцём індывідуальным, трэба будзіць, падымаць шырокія масы, рабіць іх політычна сьвядомымі… Да ці мала з чаго можна пачаць?

— Займацца пропагандаю? Гаварыць, гаварыць без канца? — запытаў Сьцёпка. — Добра, але я думаю, было-б яшчэ лепш, каб і тыя, хто гавораць, ад слова да дзела перайшлі.

— І пераходзяць.

— Пераходзяць, але мала… Вось што Сымон. Давай летам паедзем куды-небудзь на вёску. Прачытаем наўперад там верш твой, запалім сэрцы, а потым за дзела возьмемся. Я табе скажу, за якое дзела.

І Сьцёпка тут вылажыў програму свае работы.

XII

Ніна Ральніцкая ціхая і старанная дзяўчына, але навука давалася ёй нялёгка. Можа ад таго, што падгатоўка яе была слабая. Яна даўно закінула навуку, скончыўшы тры клясы гімназіі. Павятовы гарадок, дзе жыла наўперад і вучылася Ніна, забралі немцы. Прышлося пакінуць горад і пераехаць у другое месца. У часе польскай окупацыі памёр Нінчын бацька, масьцеравы па профэсіі. І так жылося ім цяжка, а цяпер стала яшчэ цяжэй. Удваіх з маткаю кідаліся яны туды і сюды, біліся, каб з голаду не памерці. Розныя спосабы перапробавалі: і пралі, і панчохі вязалі, і шылі, і мылі на людзей. Клопату і работы было многа, а карысьці мала.

Хацелася Ніне павучыцца трохі, прабіцца на шырэйшую дарогу, ад жыцьця не адставаць. А гэтае новае, маладое жыцьцё біла крыніцаю на кожным кроку. Моладзь стыхійна йшла ў організацыі, каб грамадою, напорнаю, дружнаю, расьцерабіць сабе шырокую дарогу. Не рабіла маці ніякіх перашкод сваёй Нінцы — няхай на свой хлеб ідзе, у людзі выбіваецца, а яна сяк-так адна будзе кідацца і меншых гадаваць. Дома засталася маці, два малодшых браты і сястра.

І пайшла Ніна на рабфак вучыцца. Навука, студэнцкія гурткі, організацыі, жывая работа, таварыскае жыцьцё, — усё гэта было