Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што з яго толку ня будзе, то памыляюцца. Апроч усяго гэтага, тыя ўмовы, у якіх яму давялося быць, яго здавольвалі: ёсьць разгон для навукі, можна чыста хадзіць і ня быць галодным. Пасьцель у яго такая, што ў Заборцах магла яму толькі прысьніцца.

Сьцёпка быў трохі дзікаваты і замкнуты. Ён стаяў як-бы крыху наодшыбі ад таварышоў і пільна прыглядаўся да ўсяго, што праходзіла тут перад яго вачамі. І перш за ўсё, увагу яго спыняў іх вучнёўскі быт і асабліва адносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Адносіны гэтыя былі самыя простыя і звычайныя. У часе пераменак па карыдорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адны за другімі, дурэлі, як гэта ўласьціва моладасьці. А то проста хадзілі ў парах з дзяўчатамі, пабраўшыся за рукі ці „пад ручку“, ці проста абняўшыся. Сьцёпку дзівіла гэтая прастата і натуральнасьць, але сам ён не адважваўся прайсьціся так з дзяўчынаю, як гэта рабілі яго таварышы — хлопцы, бо Сьцёпка бачыў, што ў гэтых адносінах ёсьць нешта ня зусім сяброўскае, як ні стараліся адны і другія надаць гэтым адносінам характар сяброўскасьці: за сяброўскасьцю хавалася нешта іншае.

Часамі і Сьцёпка з сваім прыяцелем Сымонам Галызаю, з тым поэтам, аб якім ён пісаў Аленцы, выходзіў на карыдор. Яму проста было цікава пацерціся тут, зрабіць пэўныя назіраньні, каб мець матэрыял у газэту і праверыць некаторыя свае мысьлі. Ён зьвярнуў увагу на аднага з сваіх таварышоў:

— Зірні, зірні! — штурхануў Сьцёпка локцем прыяцеля Сымона, паказваючы вачамі на Шулевіча, — закруціўся ўжо каля Ніначкі, як здрок каля конскай наздры.

З усіх дзяўчат на сваім курсе Ніна карысталася найбольшаю ўвагаю з боку таварышоў-хлопцаў. У гэтым сэнсе і Сымон ня быў сьвяты: Ніне ён два вершы злажыў і сам любіў каля яе павярцецца.

— Не зайздросна табе, Сымоне? Бач, як. Нінка да яго прыгарнулася!

— Кабя захацеў, дык яна заўтра са мною ў загс пайшла-б. — І рукою правёў Сымон па тым месцы, дзе належыць быць вусам, але там іх яшчэ ня было.

— А з Шулевічам яна напэўна і сёньня-б пайшла падражніўся Сьпёпка.

Сымон нічога не адказаў, бо якраз сустрэліся з гэтаю параю. Шулевіч акінуў іх строгім і гордым поглядам, а ў гэтым поглядзе было напісана: „Што-то я!“ Нінка мільгнула сваімі вясёлымі вочкамі па Сьцёпкавым твары і нават чуць заметна ўсьміхнулася яму. Сымон гэта бачыў. Разьмінуўшыся, адказаў на Сьцёпкаву ўвагу: