Познаю восеньню Сьцёпкава маці сядзела за прасьніцаю, а Міхайла Барута майстраваў сані на зіму. Алесь сядзеў бліжэй да лямпы з пісьмом у руках, а збоку каля яго стаяў Юрка. Алесь чытаў:
„Дарагія тата, мама, Алесь і Юрка!
Пакінуў я вас трохі ня так, як людзі. Вы мне даруйце і на мяне ня гневайцеся. Прызнаю, што я быў вінаваты.
Я паступіў на рабфак. Хоць і цяжка было, але паступіў. У нас на рабфаку вучыцца больш 450 чалавек. У часе заняцьцяў раніцаю а 9 гадзіне, як зьбяруцца ўсе рабфакаўцы, то будыніна гудзе ўсё роўна, як пчолы ў вульлі. Столькі руху бывае, што мудрэй, як у час жніва ў вёсцы. Пасьля заняцьцяў, а 3—4 гадзіне, мы ідзем абедаць у сваю студэнцкую сталоўку. Тутака, у гэтай сталоўцы, абедае столькі людзей, што ў нас, у вёсцы, няма такой ніводнай вялікай сям‘і: каля 1.300—1.500 студэнтаў. А пасьля абеду я іду чытаць газэты і вучыцца ў гурток. Тут рыхтуем на наступны раз лекцыі.
Кладземся мы спаць вельмі позна: а 12 або а першай гадзіне ночы. А то ўсё вучымся і чытаем шмат кніжак. Жывём мы ўсе ў вялікім мураваным агульным доме па асобных пакоях. У нашым пакоі жыве 9 чалавек: 4 хлопцы-беларусы з вёскі і 5 яўрэяў з фабрыкі. Жывём аднэю сям‘ёю. Што ёсьць у ваднаго, напрыклад, з яды, дык карыстаемся ўсе. Апрача хлопцаў, ёсьць у нас і дзяўчаты. Яны жывуць у васобных пакоях. Нам даюць пэнсію — 12 рублёў у месяц, але з іх вылічаюць за абед, вячэру, хлеб і на другія дробныя патрэбы, так што на рукі прыходзіцца 2—8 р. Мне, як ня бачыўшы лепшага жыцьця дома, тут жывецца добра. Нядаўна выдаў мне наш рабфакаўскі камітэт сяньнік, коўдру і матэрыі на бялізну. У лазьню ходзім праз кожныя 2 тыдні. Са мною вельмі добра сябруюць комсамольцы. Я думаю ўжо паступіць у комсамол, каб быць організаваным і вясьці барацьбу з буржуазіяй за наша сялянскае жыцьцё. Дарагія, родныя! Каб вы ведалі, як я цяпер здаволен, што вучуся. Нават і ў сьвятыя дні ня маю адпачынку. Як прыдзе якое-небудзь сьвята, то я не праводжу дарма часу так, як праводзіў дома, а заўсёды знайду сабе работу. Акуратна хаджу я ў гурткі. Нядзелямі часта ежджу ў вёскі, дзе наш рабфак вядзе культурную работу. Мне, як знаёмаму з вёскай, хочацца дапамагаць сялянскай справе. Наша дапамога вёсцы заключаецца ў тым, што рабфак дапамагае праводзіць культурна-асьветную прапу ў вёсцы. Пасылаем бяз грошай кніжкі, газэты для школ і хат-чыталень. Зьбіраем усе скаргі на розныя непарадкі мясцовай улады, і чым можам, дапамагаем там, на месцы, а то ўсе скаргі перадаем у газэты.
Жыцьцё-ж у Менску ідзе так шпарка, проста так і б‘е кры-