І тут Сьцёпкава прадстаўленьне аб экзамінах не адпавядала рэчавістасьці. Сьцёпка думаў, што экзаміны будуць рабіць у камісіях, дзе будзе многа розных профэсароў. Аказалася-ж, што экзаміны рабіў адзін чалавек. У некаторых аўдыторыях сядзела некалькі профэсароў — можа яны і ня зусім профэсары: ну, але думаць аб іх, як аб профэсарох нікому не пашкодзіць і менш усяго самым „профэсаром“ — і прымалі экзаміны па аднаму прадмету, але кожны асобна.
Сьцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзаміны па матэматыцы, каб прыгледзецца і прыслухацца, а потым ужо выбраць лепшага „профэсара“. Тыя пытаньні, якія давалі профэсары, былі для Сьцёпкі так просты і лёгкі, што ён раптам набраўся сьмеласьці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамін, стаў у невялікую чаргу. Стоячы за сьпіной свайго незнаёмага таварыша, Сьцёпка то ўсьміхаўся, то паціскаў плячамі, калі чуў няправільныя адказы. А калі дайшла яго чарга і профэсар запытаў штось з арытмэтыкі, то Сьцёпка, дакладна адказаўшы на ўсе профэсарскія запытаньні, тут-жа сказаў, што ён вельмі добра ведае ўсе разьдзелы арытмэтыкі. Але з такім заяўленьнем ён набраўся клопату, бо профэсар зазначыў яму:
— У такім разе вам няма чаго рабіць на рабфаку. — Спрачацца з профэсарам было рызыкоўна, і Сьцёпка змаўчаў. Профэсар тымчасам справядліва ацаніў яго веды, што і адмеціў на яго лістку. А Сьцёпка вывеў з гэтага такое заключэньне, што і перабор меры таксама нядобра, як і недабор. Трэба быць асьцярожным і больш дзяржацца сярэдзіны.
Экзаміны цягнуліся блізка тыдзень. За першыя дні Сьцёпка паздаваў іх ўсе, але спакою ня было ў яго: можна паздаваць усе экзаміны і на рабфак не паступіць. Будзе яшчэ адна камісія ў канцы экзамінаў. Гэтая камісія і скажа, каго прыняць, а каго не. Маркотна цягнуліся для Сьцёпкі апошнія дні. Сланяўся ён па горадзе, знаёмства завёў з некаторымі хлопцамі — з тых, што з ім паступалі на рабфак. А часу ўсё такі было многа. Баяўся Сьцёпка, што камісія знойдзе яго багатым, або нават і кулаком, і па гэтай прычыне ня прымуць. Вось чаму з найбольшым непакоем чакаў ён той дзень, калі гэтая камісія адбярэ студэнтаў на рабфак.
І дзень гэты прышоў… Эх, лепш-бы ён і ня прыходзіў: ня прыняла Сьцёпку камісія, і не аднаго Сьцёпку, а сотні такіх Сьцёпак: месц не хватала. Як асуджаныя на выгнаньне, хадзілі няпрынятыя з паніклымі галовамі, стукаліся ў розныя дзьверы, а гэтыя дзьверы хоць і адчыняліся перад імі, а памагаць мала памагалі.
Нахмураны і сур‘ёзны хадзіў Сьцёпка каля будынку раб-