а разам з гэтым адчуў і нейкую прыемнасьць у сэрцы. Напісаць-бы ёй ліст? І напіша, няіменна напіша. Але што пісаць цяпер? Невядома, як абернецца справа. Лепш пачакаць, покі скончацца экзаміны. Не пераскочыўшы роў, няма чаго і „гоп“ казаць.
Асьцярожненька падняўся Сьцёпка, адзеўся і вышаў з кватэры. На карыдоры сустрэўся незнаёмы чалавек, адзеты на гарадзкі манер, пажылы. Як відаць, гэты незнаёмы чалавек меў нейкае дачыненьне да Дому Селяніна.
— Што, дзетачкі, начаваў тут? — ветла спытаў Сьцёпку незнаёмы чалавек.
— Але!
— Ну, і што-ж, добра табе тут было? — Незнаёмы, чалавек палажыў пры гэтым сваю тоўстую, мяккую руку Сьцёпку на плячо:
Сьцёпку тут успомніўся лёзунг „тварам да вёскі“, але на шырокім твары незнаёмага чалавека было столькі дабраты, што напэўна ёю — і толькі ёю выклікана гэтая ўвага да Сьцёпкі. Ёсьць-жа на сьвеце і добрыя людзі.
Разгаварыліся.
— А-а-а! — працягнуў незнаёмы чалавек, даведаўшыся, што Сьцёпка прышоў ў горад навукі шукаць, і губы яго разышліся ў найдабрэйшую ўсьмешку, бы вароты ў гумне, калі яно напакована пад самы шчыт сенам і збажыною,
— Добра, добра, дзетачкі! Трэба, трэба вучыцца!
У Сьцёпкі прамільгнула жаданьне спытацца пра рабфак, як яго тут знайсьці Ён толькі замяўся трохі, як назваць добрага чалавека: „таварыш“ як-бы крыху і не падходзіць, бо незнаёмы чалавек такі паважны і шырокі, а глаўнае — у гадох такая розьніца.
— Выбачайце, я вот ня ведаю, як вас назваць…
— Дзедушка, дзедушка называй мяне: мяне так усе завуць.
„Дзедушка“ гаварыў пабеларуску.
— Я хацеў вас спытаць… — Сьцёпка запнуўся, яму было нейк нязручна казаць „дзедушка“: лепш — „дзедка“ або „дзядок“, як кажуць на вёсках, — ці ня ведаеце часамі, як да рабфаку дайсьці?
— Хадзем: я табе раскажу і пакажу:
„Дзедушка“ ўзяў Сьцёпку за руку і вышаў з ім на вуліцу.
— Ось мы выйдзем зараз на Траецкую гару, — пастарому назваў ён Плошчу Парыскай Комуны, — адтуль я табе пакажу, як на рабфак зайсьці.
— Ну, вось глядзі, — казаў „дзедушка“, узьвёўшы Сьцёпку на сярэдзіну Траецкай гары, — там улева, бачыш? высокая труба. Гэта — электрычная станцыя, а правей на горцы цэрква, бачыш?