Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён адышоўся вярсты дзьве ад сяла, сеў на камень каля хвойніку і стаў думаць. Зайсьці яму дадому ці лепей на вочы бацьку не паказвацца, бо ўсё роўна бацька яго прагоніць? І яшчэ думаў Сьцёпка аб горадзе. Горад далёка — каля ста, а можа і сто вёрст з хвосьцікам. На машыне не паедзеш: дзе грошы ўзяць? Астаецца адно: пяхотам па шпалах. Хоць можа і далей, але па чыгунцы ня зблудзіш. На дарогу трэба прыкінуць тры дні часу. Астаецца два вольных дні. Дакуманты, праўда, ёсьць. Вось толькі ад ячэйкі ўзяць пасьведчаньне. Яго цяпер напэўна дадуць з ахвотаю. Але ці браць яго? Пасьля ўсяго таго, што здарылася, гэтае пасьведчаньне ня хіліць яго. Яно набывае характар нейкага дакору. І ўспомніў ён матку сваю. За што пакрыўдзіў яе?.. А ў горадзе дзе ён прыткнецца? Гораду ён ніколі ня бачыў. У яго ўяўленьні горад прадстаўляецца нейкім бясформенным відам, дзе лёгка прапасьці.

Сьцёпка падняў вочы ў бок сяла і стаў углядацца: па іржышчы борзда да яго рухаліся дзьве фігуркі вясковых хлопцаў. Гэта былі яго меншыя браты, Алесь і Юрка. Алесь бег бяз шапкі, шапка была ў руцэ. Відаць, Алесь штось нёс у шапцы. Калі браты дабеглі да Сьцёпкі, то яны моцна затаміліся ад шпаркага бегу, але твары іх былі вясёлыя. Яны былі рады, што знайшлі Сьцёпку. У шапцы аказаліся дзьве грэцкія пухаўныя аладкі, зложаныя папалам, а між іх была досыць дзябёлая скварка.

Сьцёпка павесялеў, убачыўшы братоў. Можа з тае прычыны, што ён быў у такім адзіноцтве.

— Гэта вы самі іх узялі?

— Не, — адказалі браты.

— Маці дала?

— Не.

— Ды скуль-жа вы ўзялі іх?

— Аленка Андрэевых прыслала, — разам сказалі хлопцы.

Для Сьцёпкі гэта было поўнаю нечаканасьцю, і ён пранікся нязвычайнаю падзякаю да Аленкі. У ім узьнікае моцнае жаданьне пабачыць Аленку і падзякаваць ёй за гэта. Аленцы асталося пабыць апошні год у сямігодцы, і яна скора паедзе. Калі сёньня-заўтра не пабачыць яе, то калі сустрэне яе і ці сустрэне?

Сьцёпку хочацца распытаць аб Аленцы, але яму было трохі нейк сорамна. І усё-ж такі ён запытаўся:

— А дзе-ж вы яе бачылі?

— Яна сустрэла мяне на вуліцы, — сказаў Алесь: — і спытала, дзе ты і што з табою было… Комсамольцы, брат, паўцякалі — біць іх хацелі.

— А бацька прыехаў

— Прыехаў.