Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ат, якія там рысункі: Сьцёпка сьмяяцца будзе, — як-бы трошкі засаромілася Аленка.

— Пакажы, пакажы, — папрасіў і Сьцёпка.

Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Сьцёпка разглядаў іх уважна, і цётка Ганна падышла паглядзець на іх яшчэ раз, бо яны ёй вельмі падабаліся, а самае важнае тут гэта тое, што іх нарысавала яе Аленка.

— Слаўныя рысуначкі, — пахваліў Сьцёпка: — гэта ты сама рысавала?

— Сама.

Сьцёпка зьдзівіўся.

— Я такіх напэўне не нарысаваў-бы.

— Да што ты кажаш? Яшчэ лепшыя нарысаваў-бы, каб павучыўся.

— Хіба што, каб павучыўся.

Праўду сказаць, Сьцёпка ня лічыў за навуку гэтае рысаваньне і ня бачыў у ім нічога сур‘ёзнага. Вось чаму ён і спытаў:

— А што ў вас праходзіцца з навукі?

— А мы ўсё комплексы распрацоўваем, — важна сказала Аленка.

Беднаму Сьцёпку аж горача стала ад гэтых комплексаў: што гэта яшчэ за навука такая? Ніколі аб іх і ня чуў і ў кнігах нідзе ня вычытаў іх. Пярун-бы іх пабіў, і нялоўка яму перад Аленкаю: яна комплексы праходзіць, а ён аб гэтых комплексах ні цэ, ні мэ. І што-ж яны, праклятыя, азначаюць? Ці тут некалькі скарочаных і злучаных слоў, накшталт „рабфака“?

У Сьцёпкавых мазгох мільгацяць розныя разгадкі слова: комуністычны лес, компартыйныя лекі… не, нічога ня выходзіць, Але ён не паказвае віду, што не разумее комплексаў. Можа як з далейшае гутаркі выясьніцца. Сьцёпка пускаецца на хітрасьць.

— А што-ж вы з гэтых… як іх… компексаў праходзіце?

Аленка зірнула на Сьцёпку.

— Як ты сьмешна сказаў: „компексы“, — і, як дурная, пачала хіхікаць.

Сьпёпка пачырванеў. Злосьць яго забрала.

— А халера іх ведае, што яны і як яны там. Ня чуў такога паганага слова!

Сьцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэньне. Але ён у далейшым адыграецца, бо ў сэрцы яго накіпела. І ён спытаў:

— А якая-ж гэта навука?

Прыбавіць „комплексы“ ён не адважыўся.

— А гэта, бачыш, так. Бярэцца які-небудзь прадмет або якая-небудзь зьява, скажам, „калодзеж“ або „Кастрычнікавая рэволюцыя“ і разглядаецца з ўсіх бакоў.