Гэтая стараннасьць, гэтае шчырае адданьне навуцы, а таксама і здольнасьць да навукі вывелі яе і тут на першае месца ў клясе. Яна кіравала сваім гуртком па вывучэньні прыроды; яна-ж, ня хочучы адставаць ад Сьцёпкі па часьці прыгожага пісьменства, прымала ўдзел у насьценнай газэце і ў школьных журналах, але яна аддавала перавагу ня прозе, а вершам, бо верш ёй больш падабаўся і наогул верш яна лічыла вышэйшаю формаю літаратуры. Можна сьмела сказаць, што на гэтую дарогу накіраваў яе дзядзька Тарас Шэўчэнка, а свае беларускія поэты, з творамі каторых Аленка пазнаёмілася ў сямігодцы, яшчэ мацней паставілі яе на грунт вершавальнай творчасьці.
За той-жа час пабыту ў школе Аленка зьмясьціла два свае вершыкі ў газэце і адзін вершык у школьным журнале. Але ёсьць у яе адзін верш. Яна хавае яго, як нейкі сакрамант, і нікому яго не паказвае, ня гледзячы на ўвесь аўтарскі сьверб падзяліцца з чытачом сваёю творчасьцю. Гэты верш заўсёды неразлучан з маладою поэткаю. Ён акуратненька запісан на паперачцы і аздоблен рысуначкамі.
Яго Аленка ведае напамяць. На сьвеце ёсьць толькі адзін чалавек, для каго напісан гэты верш. Але ці прачытаць яму? Вось пытаньне! Аленка перажывала мукі гэтай няпэўнасьці.
Мілыя поэты! дазвольце выказаць вам спачуваньне ад імя чытачоў і пасьведчыць перад усім сьветам, што вы — вялікія пакутнікі на зямлі.
Хто-ж такі ён, для каго напісан гэты верш?
Адгадаць ня так трудна: гэты чалавек — Сьцёпка.
І цікава ведаць Аленцы: ці зойдзе ён да іх, ці не. Яна напэўна ўсьцешылася-б, калі-б ведала яго думкі наконт гэтага. У Сьцёпкі было многа прычын пабачыцца з Аленкаю: трэба было дазнацца, як многа навучылася Аленка за гэты час, цікава было пачуць, як там наогул стаіць справа з навукаю і, калі ўжо на тое пайшло, яму проста хочацца на Аленку паглядзець, бо толькі ён да Аленка — вучоныя людзі на іх сяле. Настаўніка лічыць тут няма чаго.
У той час, калі маці пазірала на сваю вучоную дачку і цешылася з яе, бо яна так выдзялялася з гэтае шумлівае чарады дзяўчатак, Сьцёпка думаў, як тут латвей і натуральней пабачыцца з Аленкаю. Лепш-бы, вядома, было спаткацца адзін-на-адзін. Але можна і проста зайсьці да іх. Толькі-б гэтых стракатух-піскух там ня было.
IX
Аказвалася ня так проста зайсьці да Андрэевых, як думаў учора Сьпёпка.