паджыдаў. А Аленка і ня чаяла ўгледзець яго. Убачыла, прыветна-радасна ўсьміхнулася яму. А Сьцёпка замаркочаны быў.
Кіўнула яму Аленка на разьвітаньне. Сказаць хацела нешта, ды мусіць бацькі засаромілася.
— Ну, шчасьлівай дарогі і добрай часіны! — сказаў Сьцёпка.
— Аставайся здаровы, Сьцёпка!
І радасна стала Аленцы.
А Сьцёпка доўга праводзіў яе вачыма. Пазіраў у той бок і тады, калі і цялежка даўно з вачэй зьнікла.
VII
Перадрыжэла бедная Аленка на экзаменах.
Насілу-насілу паступіла: Ну, гэта не бяда: Аленка сваё возьме.
Яшчэ з большаю стараннасьцю ўзяўся Сьцёпка за сваю навуку. Жартаваць тут няма чаго: Аленка цераз тры гады скончыць сямігодку, а там дарога ёй шырэйшая будзе. Яна ўжо, можна сказаць, прыстроена, а ён што. Палажэньне яго зусім няпэўнае. Разьлічаць на бацькаву дапамогу ня прыходзіцца: бацька і слухаць ня хоча аб яго навуцы. Папершае, якая цяпер навука? Вучні ў школах лынды б‘юць, ходзяць ды лісьце зьбіраюць. На чорта яно? Хлеб на іх пякуць ці што? Падругое, распуста пайшла, дзеці настаўнікамі кіруюць, а вучыцца ня хочуць. Лусты хлеба не адрэжа, а сьвет перавярнуць зьбіраецца, келб няшчасны. Хіба так даўней вучыліся? Ня вывучыш, бывала, лекцыі, дык настаўнік так загрэе табе, што аж іскры пасыплюцца. На калені паставіць ды яшчэ палена ў рукі дасьць — стой і палена над галавой дзяржы. Вот гэта была навука: баяліся і вучыліся. А цяпер чаму вучаць? Бацькоў ня слухаць, старых звычаяў не шанаваць… Не, брат, за такую навуку дзякую табе! Вучыся, як хочаш, а бацька памагаць табе ня будзе, — вучыць, як па бацькавым карку езьдзіць.
Але Сьцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае.
Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма: І яшчэ трэба адмеціць, што быў такі выпадак, калі Сьцёпку прышлося на дзеле паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек: сакратаром давялося раз быць яму. І што-ж вы думаеце? Такі протокол закаціў, што нейкі гарадзкі адказны работнік, прачытаўшы гэты протокол, доўга ўглядаўся ў Сьцёпку і сказаў:
— Ну і маладзец! На рабфак табе паступіць трэба.
Гэтыя словы казаліся пры ўсіх людзях.
Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх самых.