Падгатуйся і рызыкні. Кніг я табе дам; чаго не зразумееш, прыходзь да мяне — разам разьбірацца будзем. Табе я ахвотна памагу. Пры тваіх здольнасьцях ды стараньні — многа можна зрабіць.
Абнадзеіў настаўнік Сьцёпку, ахвоты да навукі паддаў. І пайшоў Сьцёпка дадому другім чалавекам.
Кожную вольную часіну за кніжкамі сядзеў і рабіў сваю справу незаметна, бяз шуму. Пісаць вучыўся сам, сам свае мэтоды стварыў.
Праз месяц да настаўніка пайшоў.
— Ну, як твая навука?
— А папытайце мяне.
— Ну, давай.
Зрабіў настаўнік экзамен Сьцяпану.
— Да ты, брат, малайчына, пасьля некалькіх пытаньняў сказаў настаўнік: — ну, а з пісьмом як твая справа?
Заместа дказу, Сьцяпан дастаў з-за пазухі цэлы жмут паперак.
Паглядзеў настаўнік, чытаць пачаў.
Сьцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасьвятляўся.
— Малайчына, чэснае слова, маладзец! І граматна і разумна; да з цябе проста пісьменьнік будзе!
Сьцёпка рос, як на дражджох.
— Ну, а цяпер табе трэба за матэматыку ўзяцца. І перш за ўсё трэба з арытмэтыкі пачаць. Садзіся, я табе сёе-тое пакажу.
Селі. Пачалі з дробаў. Растлумачыў яму настаўнік пахаджэньне дробаў, іх сутнасьць, складаньне, адніманьне, множаньне і дзяленьне. А ўрэшце і кнігу яму даў, каб Сьцёпка сам папрабаваў разабрацца ў ёй.
Сьцёпка вясёлы ішоў дадому, каб у вольную часіну ўзяцца за дробы. Ці не зайсьці яму да Аленкі? Хацелася пахваліцца, ёй і даць некалькі пытаньняў, якія даваў яму настаўнік. Не, пакуль што лепш нічога не казаць ёй.
V
Прайшоў год часу.
Ужо нейк пад восень сказала Аленка Сьцёпку:
— А ведаеш, Сьцёпка: на зіму я хачу ў сямігодку паступіць.
Сьцёпка, здавалася, ніколечкі ня зьдзівіўся, як-бы ён і ведаў, што Аленка на зіму куды-небудзь у школу падасца. Ён толькі спытаў:
— У якую сямігодку?
— У Загорскую.