— Бачыш ты… Якая шчасьлівая.
— А я цябе бачыла, як ты каля Ганчаровых на кветкі глядзеў.
— А ты дзе была?
— У хаце.
— Чаму-ж я цябе ня бачыў?
— А хіба ты хацеў мяне бачыць? — злавіла Аленка Сьцёпку.
Сьцёпка трохі замяўся.
— Ну, хацеў, — прызнаецца ён.
Аленка зусім здавольваецца.
— Хочаш, будзем чытаць разам? Пойдзем унь туды, пад магазын, будзем чытаць.
Сьцёпка чухае галаву.
— Бачыш ты, мне сёньня часу няма. Хіба як другім разам.
— Ну, як уважаеш, — адказвае Аленка і весела ідзе далей, ужо не пазіраючы ў кнігу. А Сьцёпка спыніўся каля весьніц і пазірае на Аленку, покі ня зьнікла з вачэй. І не азірнулася нават.
IV
Выходзіла так, што Аленка верх брала над Сьцёпкам. Ён скончыў школу, і яна скончыла — ды яшчэ як! Кнігу нават падарылі ёй. І яна ведае, чаму ня трэба казаць „хахлацкая“ мова.
Яшчэ дачуўся Сьцёпка, што Аленка думае далей у навуку йсьці. І ёй гэта лягчэй, бо дома без яе куды спадручней абысьціся, чым у іх доме без яго. Дый бацька яе багацейшы за яго бацьку. І няўжо-ж яму так і аставацца без навукі?
Много думаў над гэтым Сьцёпка. І надумаўся ён за навуку сур‘ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае — няма кніжак.
І ўспомніў ён свайго настаўніка. Выбраў вольную часіну і пайшоў у школу. Якраз і настаўніка дома застаў.
— Ну, здароў, Сьцёпка! Як жывеш?
Распытаў яго настаўнік, пагаманіў з ім.
— А я прышоў да вас — ці не маглі-б мне кніг сякіх-такіх даць?
— А якіх-бы табе кніг?
— А каб падвучыцца можна было.
— Дык табе падручнікі трэба? Гатавацца куды хочаш?
— Хацеў-бы.
— Ну, а куды-б?
— Да куды-б небудзь.
Настаўнік крыху падумаў.
— Ведаеш што, Сьцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць.