Перайсці да зместу

Старонка:На прасторах жыцьця (1926).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Разгарнула яна кнігу, ідзе і чытае:

Реве та стогне Дніпр широкий,
Сердитий вітер завивав.

А ідучы каля Сьцёпкавай хаты, яна так захапілася чытаньнем, што ішла зусім памаленечку, чуць-чуць ногі перастаўляла.

А Сьцёпка, адрэзаўшы лусту хлеба, стаяў у хаце каля вакна, пазіраў на вуліцу і паважна разважаў, жуючы хлеб. Аж бачыць — Аленка з кнігаю ідзе. Уся важнасьць і ўся Сьцёпкава цьвёрдасьць адразу прападаюць. А як пабачыў яшчэ такую шыкозную кнігу, дык і зусім уладу над сабою страціў.

Кніга і толькі кніга змусіла яго на вуліцу выскачыць, бо каб Аленка бяз кнігі ішла, то ён ані зварухнуўся-б.

Хоць Аленка захапілася чытаньнем вельмі моцна, але гэтае захапленьне не пашкодзіла ёй заўважыць Сьцёпку. Сьцёпка стаяў каля весьнічак.

— Алена!

Сьцёпка аклікнуў яе досыць громка. Аленка-ж так захоплена чытаньнем, што й вачэй ад кнігі не адводзіць, а сама думае, ці глянуць на Сьцёпку, ці не?

Каб яшчэ раз пазваў яе, то яна глянула-б.

А Сьцёпка разважае, як далей быць яму.

— Аленка! пазваў ён мацней.

Аленка, нібы спалохаўшыся, раптам спыняецца і глядзіць на Сьцёпку так, як-бы яго за сто вёрст ад сяла спаткала.

— Якая гэта ў цябе кніга? дай паглядзець!

Сьцёпка падыходзіць да Аленкі. Па голасу яго чуе глыбокую да яе павагу і пачцівую просьбу.

Ня вытрымлівае сур‘ёзнасьці і Аленка. Яна прыветна ўсьміхаецца.

— Да гэта мне такую кнігу настаўнік адзін падарыў на экзаменах, — адказвае Аленка і паказвае Сьцёпку кніжку.

— Вось дзіўна як тут напісана, як-бы крыху на наш просты лад, — зазначае Сьцёпка.

— Гэта украінская мова такая, і напісаў гэтую кніжку Тарас Шэўчэнка, — кажа Аленка.

— Гэта хахлацкая мова? — пытае Сьцёпка.

— Не хахлацкая, а украінская. Казаць „хаклацкая“ — гэта будзе зьнявага.

Дзівіцца Сьцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленкінай вучонасьці, і ён не адважваецца паэкзаменаваць яе.

— Слаўная кніжка, — кажа Сьцёпка: — а за што табе далі яе?

— А за тое, што я лепш за ўсіх экзамен здала, — горда кажа Аленка.