— Мандат! — прамовіў ён: — сядзь на свой мандат і едзь куды хочаш.
Хаім Рыбс павярнуў у сваю каморку і, адкінуўшы коўдру, прылёг на пасьцель. Ён пастанавіў цьвёрда змагацца, каб адкаснуцца ад свайго квартальнвіцтва. Не прайшло і пятнаццацёх мінут, як Хаім Рыбс спаў смачным сном.
Малады поўнамоцны пачынаў траціць цярпеньне. Разоў дваццаць паглядаў ён у вакно, разоў дзесяць выходзіў на двор і колькі разоў хапаўся за свой портфэль. Выпадковыя падводы праяжджалі каля хаты Абеля Цацкіна і ўводзілі ў зман напружана чакаючага ад квартальнага падводы маладога поўнамоцнага. Адзін раз ён нават запытаў:
— Ад квартальнага падвода?
— Га? — спытаў чалавек з каламажкі.
— Чарговая ці што падвода? Не квартальны назначыў цябе?
— А чорт яго ведае, твайго квартальнага, — адазваўся чалавек, палічыўшы, што з яго сьмяюцца, і пагнаў кабылу.
— Тфу! што за пракляты саботаж! — вылаяўся малады поўнамоцны, схапіў шапку, портфэль і злосна паімчаўся да квартальнага.
На гэты раз дзьверы грукнулі яшчэ мацней, яшчэ дзічэй забрызгацелі слаба закітаваныя шыбкі.
— Дзе квартальны?
Хаім Рыбс павольна ўзьняў галаву, шырока расчыніў рот і смачна пазяхнуў.
— Чаму няма дагэтуль падводы?
— Як? — зьдзівіўся Рыбс: — яшчэ няма падводы? Ну, я-ж вам казаў, што без падводы вы скарэй былі-б там, дзе вам трэба.
— Чорт-бы вас тут пабраў з вашымі размовамі! Мне трэба падвода, чуеш? Дзе падвода? Вось мой мандат. Знаць нічога не хачу! Гэта саботаж!
— Ну, чаму гэта саботаж? І што гэта такое „саботаж“?
— Чаму вы так кажаце?.. Слухайце, каб я быў Майсей, я-б падышоў да гары і сказаў: „Гара, дай вады!“ і яна-б дала вады. Але-ж я чалавек просты, і гара мяне не паслухае, і дарма вы злуяце. Каб гэту падводу я мог выламаць з свайго калена, — Хаім Рыбс узьняў правую нагу і пачаў згінаць калена: — я-б яе выламаў і сказаў-бы: „Вось вам падвода, сядайце, калі ласка, і едзьце“…
— Дурак ты, ці заўзяты саботажнік? Тфу, прападзі ты! — малады хлопец, злосна павярнуўся, плюнуў і вышаў вон.
— Хася, Хаське! — зьвярнуўся Рыбс да жонкі: — ведаеш што? Ён ужо больш ня прыдзе сюды.
І вясёлая ўсьмешка асьвяціла твар Хаіма Рыбса.