Перайсці да зместу

Старонка:На парозе 1386 году (1927).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗          ∗

Вецер вые и стогне. Ліпкі сьцюдзёны дождж з сілай хлешча па стрэхах і сьценах, паўзе за каўнер, мочыць бяз літасьці ногі. Цемра густая навокал, хоць выкалі вочы.

Прыкра ў такую пару быць на варце й сланяцца каля сьценаў замку з кута у куток. Хоць-ба скарэй прайшлі дамоў служанкі Вітаўта. Тады хоць на часінку можна-б было схавацца кудысь пад застрэшак.

Але вось наастатку скрыпнулі дзьверы каморы, у якой сядзіць князь Вітаўт. З іх адна за аднэй, як заўсёды вольнай хадой, вышлі дзьве жанчыны і, кутаючыся ў шырокія хусткі ад наляцелага ветру, прайшлі моўчкі міма старожы.

Прывычная старожа да гэтых жанчынаў. Прыход іхні ў камору князя тут нікога ня дзівіць, а выхад мала трывожыць. Без агляду прапусьцілі яны іх міма сябе.

З бразгам зачыніліся дзьверы ў каморы і ў браме. У замку ўсё заціхла й заснула.

∗          ∗

Сьпяць прысланіўшыся да сьцяны вартаўнікі ля каморы, дрэме й варта на вежах, нікому з верных Ягайлавых слуг і ў галаву ня прыходзіць, што той, каго пільнаваць ім так срога прыказана, ужо далёка за замкам.

Раптам сярод скавыту ветру і шуму дажджу пачуўся тупат конскіх ног і пад браму пад’ехаў пасланец Ягайлаў.

Пільная справа ня церпіць адкладу. Толькі што лёгшага спаць Прокшу паднялі з пасьцелі, разбудзілі й Мосьця.

Пры сьвеце лучыны чытаюць яны загад Ягайлаў і дзікая ўсьмешка на твар ім прыходзіць.

— „Будзе ад князя Ягайлы ўзноў нагарода“ думае кожны з іх.

Прачыталі верныя слугі пісьмо, узялі вяроўку і пайшлі ў камору Вітаўта.

Дарэмна ўся радасьць, дарэмна стараньне. На пасьцелі ў каморы ляжаць дзьве жанчыны — княгіня Ганна і служанка яе.

Шум, гам і трывога паднялася па замку; на ўсе бакі рассыпаліся людзі шукаць Вітаўта. Ні вецер, ні дождж ім ня страшны ўжо болі.

Усю ноч, як нячысьцікі якія, кружыліся з запаленымі смальнякамі ваякі па сьцежках і дарогах, каб назаўтрае мокрым і чуць жывым вярнуцца ў замак з пустымі рукамі.


∗          ∗

Вітаўт праз пушчы й балоты йшоў зьбіраць новае войска на бой з крывадушным Ягайлам.