аднэй у гэтай каморцы, дзе кожнаю часіну чакаў яе невядомы лёс. Сэрца забілася й затрапятала, быццам хочучы сказаць, што яна ўжо відзіць яго апошні раз і ёй захацелася плакаць. Аднак, сабраўшы ўсе свае сілы, яна перамагла свой жаль, праглынула сьлёзы, што давілі яе, і, як бы ні ў чым ня бывала, спакойна спытала:
— „Ну што, рашыўся?“…
— „Але“…
— „Ну й памажы табе божа“ дадала яна ціха, і, падняўшы правую руку, заціснутымі ў кучу трыма пальцамі палажыла на яго галаву рытуальны знак усходняга хрысьцянства і пасьпешна адхінулася ў бок, каб муж ня бачыў сьлёз, што мімаволі навярнуліся ў яе на вачох.
За маленькім закратаваным ваконцам зловарожна завыў і заенчыў вецер. Жанчына ўздрыгнула і, быццам шукаючы сабе сілы й гарту ў гэтым дужым мужчыне, прыціснулася да яго ўсім сваім целам.
Раптам за дзьвярыма каморы пачуўся стук і звон адмыканых замкоў. Дзьверы з скрыпам адчыніліся і на парозе паказаліся дзьве высокія, здаровыя, русыя смаленскія дзяўчыны-слугі княгіні Ганны. Штодзенным сваім звычаям прыйшлі яны слаць пасьцелю княгіні й князю. Як толькі дзяўчаты пераступілі парог, дзьверы за імі з бразгам зачыніліся. Дзяўчаты, як і кожны дзень, засталіся на якісь час у князеўскай каморы.
Сягодня чамусьці дзяўчаты былі невясёлыя; якоесьці гора застыла ў іх на твары. Пільнае вока княгіні дагледзіла гэта навет і ў тым густым змроку, які што хвіліну то ўсё гусьцей і гусьцей засьцілаў камору.
— „Што з вамі красуні?“… спытала яна іх.
„З намі нічога, але кругом ходзяць чуткі, што хітры вераломны Ягайла проці цябе, княгіня, і князя Вітаўта замышляе яшчэ больш штосьці нядобрае“… адказала адна з іх.
— „А вам нас шкада?“
— „Ці-ж ты, княгіня, нас аб гэтым пытаць яшчэ маеш?“
— „А ці хацелі б вы памагчы князю ўцячы?“…
— „Загадай, княгіня ясная, ці ты князь — усё будзе зроблена, хоць бы за гэта нам жыцьцё аддаць прышлося“… адказалі дзяўчаты ня думаючы і вочы іх загарэліся агнём рашучасьці й веры ў свае сілы.
„Дзякую вам“ адказаў ім Вітаўт. . „А ты Крывіцкі народзе, народ, які не здраджаеш мяне і ў гэтай каморы, ведай, што й я цябе ня здраджу ніколі… Калі лёс мне судзіў пазнаць яшчэ волю і даць мне ў рукі меч, я цябе ўзьвялічу й услаўлю; станеш ты ў красе й у сіле першы між народаў Усходу, а велічай і блескам сваім асьлепіш іх усіх!“. .