Перайсці да зместу

Старонка:На парозе 1386 году (1927).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— „Князеўскі голас чуцен толькі тады, калі ёсьць сіла заставіць пакарацца гэтаму голасу… А дзе-ж мая сіла, дзе маё войска, з якім мог-бы змусіць усіх шанаваць мяне?“

— „А ці, як жыў Вітаўт, цябе, княжа, слухаюць лепі?“…

— „Прынамся няма буры, якая выла навокал пасьля сьмерці Кяйстута і чуць нас ня згубіла…

І Ягайла задумаўся ўзноў, а Лаўрын Вайдзіла, ня хочучы яго разгнявіць і спракудзіцца, выйшаў з хаты.


∗          ∗

Вецер рагоча, вые і жаласна плача ў байніцах таўстых сьценаў Крэўскага замку. Холад нялюд лезе да людзёў пад адзежу, паўзе ў кожнаю хату; чалавека апановуе страх перад усемагутнай прыродай; хочацца схавацца як найдалей у цёплы куток, каб не акалець у гэтую васеньнюю пару і ня згінуць.

У каморы цямнічнай гэтага замку на засланай мядзьведжай скурай пасьцелі сядзіць княжна Смаленская Ганна, жонка князя Вітаўта. Вачыма поўнымі сьлёз сочыць яна за мужам сваім, што ў цяжкой задуме ходзіць узад і ўпярод па каморы.

Смутна й крыўдна маладой княгіні сядзець. Ці думала яна, ідучы замуж за прыгожага слаўнага Вітаўта, першага й найслаўнейшага ваякі „Літвы“, што яна калісь з ім будзе сядзець у няволі ў вераломнага, трусьлівага і ўсімі пагарджанага Ягайлы, што яе сьвекар, слаўны Кейстут, згіне ад рук падасланых ім разбойнікаў?… А ці ня тое-ж самае чакае іх?…

— „Не, не!“… прагаварыла яна ціха сама да сябе. „Вітаўт за ўсякую цану мусіць стаць вольным, ён мусіць адамсьціць сьмерць свайго бацькі, нашу паняверку… мусіць змыць пляму з нашага народу і нашага роду!“

Вочы яе загарэліся агнём рашымасьці й веры ў свае сілы. Падпершы рукою сваю галаву, яна раптам задумалася і сьлёзы памалу пачалі зьнікаць з яе твару.

Доўга меркавала яна штосьці ў сваёй галаве. Часамі яна навет пачынала штосьці гаварыць, паказавала нешта рукамі, але за часіну йзноў сьціхала, каб аддацца яшчэ большым думкам.

Звольна, бяз сьпеху цячэ й сунецца час. Ён не сьпяшаецца й ня рвецца нікуды. Няма дзела яму да мукі й гора князя Вітаўта і Ганны княгіні; страх вераломства і дзікасьць Ягайлы яго ня пужаюць, ня вабяць, ня смуцяць. Паступкі усіх ён асудзіць і ацэніць, у вольным бегу выдасьць свой справядлівы прысуд і ў сэрцы народу сьлед розны пакіне.

Змучаны ходкай даўгою па кароткай каморы, Вітаўт прысеў на пасьцель і цяжка ўздыхнуў.

Ня доўга аднак аддыхалася князю.