сьвеце з месца на месца, абыйшлі ўсю Польшчу, былі ў Мальборгу, гулялі ня раз і па Маскоўшчыне. Агнём, крывёй, сьлязьмі значыцца гэтая сьцежка па сьвеце шырокім, плач і праклёны нясуцца за імі ў здагон, ад жальбы стогнуць лясы i трасецца зямля, але сэрца гэтых ваякаў ім няпрыступнае.
Знае аб гэтым і Ягайла і ў Крэва прыслаў ён іх не дарма, не дарма ён плаціць ім шчодра, а верныя слугі яго — Прокша, Кучук, Лісіца Жабянцяй і Мосьцеў брат — ня спушчаюць іх з свайго вока.
Кейстут, у абыйме заціснутай імі шорсткай вяроўкі, даўно ўжо пайшоў к богу прэдкаў. Цяпер сцерагуць яны поўнага сілы й гарту Вітаўта князя.
Вітаўт у палоне ў брата Ягайлы. Высокі й моцныя сьцены Крэўскага замку, а старожа непадкупная. А ўсё-ж такі ня сьпіцца Ягайлу. Вітаўтава імя ўладна лунае над „Літвою“[1], на ўспамін аб ім дрыжаць Трокі, Полацак, Горадзен, Берасьце… і навет Вільня.
Як мора ў буру, хвалюецца ўсё ў гаспадарстве Ягайлавым; яшчэ адзін магутны ўзьдзьмух ветру з чыйгось боку і хваля народнага гневу захлясьне й змые яго ў бяздонную пропасьць.
— „Дзе шукаць апоры, у чым найці ратунак?“… пытае сябе ён, ходзячы ўзад і ўпярод па вялікім пакоі Віленскага замку.
Глуха аддаюцца цяжкія крокі па хаце, на вагнішчы ярка гараць сухія дровы, сілючыся асьвяціць усё, што ёсьць у хаце. Дарэмны аднак жыляньні — не асіліць гэтаму агню доўгіх усіх ценяў, што густа ляглі па кутох.
І пнуцца цені адзін за адным увысь і ўдоўж, кожную часіну дрыжаць яны і калышуцца, а з імі розныя думкі ціснуцца ў галаву Ягайлы, думкі грозныя, невясёлыя — як мары, ак сьмерць…
— „Кейстут ужо не стаіць на дарозе, але Вітаўт“… прагаварыў ён, і ўзноў зашагаў па хаце. „Пакуль жыў Вітаўт, не я гаспадар усемагутны Літвы й Русі. Ён, як нечысьць якая, стаіць на маёй дарозе навет і цяпер, седзячы ў Крэўскім замку ў палоне“…
— „Княжа мой найласкаўшы, што думаць доўга — Вітаўта скора и лёгка супакоіць: адно тваё князеўскае гаспадарскае слова і Вітаўт на заўсёды шчэзьне з дарогі“… пачуўся раптам голас у хаце.
Ягайла ўздрыгнуў і аглянуўся. Сярод хаты стаяў яго даўнейшы слуга Лаўрын Вайдзіла, а цяпер сваяк — родны брат швагры Ягайлавага.
— „Ведаю гэта“, адказаў яму Ягайла, „але што скажуць на гэта ўсе іншыя князі“…
— „Княжа, яны твайго голасу слухаць павінны, але ня ты іхняга“…
- ↑ Літвой у старыя часы звалася Беларусь.