Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

За працаю надламіліся грудзі. Можа ў апошні раз ты мяне ўспамінала?..

За гурбамі сьнегу не найду я тваёй магілкі.

Я абхапіў далонямі скрані, сьлёзы цякуць па пальцах: (А хіба-ж калі згінаўся я, хіба я часта плакаў?).

Прыду я к табе вясною...

Старыя бярозкі зашумяць над тваёй магілкаю, будзе цячы, як сьлёзы, бярозавік. Успомню я ўсё — і затаю на сэрцы.

Сяду на зялёную траву. Курган над магілаю будзе сьвежым.

— Прытулі-ж, зямелька, замест маці, прыблуднага сына твайго!

Ты вечна ў лапцях хадзіла, змагалася за жыцьцё. Ты —

вялікая,

пакутная,

Беларуская маці-сялянка!

Замест вянка на магіле, я ўшаную цябе такімі кволымі, такімі ласкавымі словамі, як словы той песьні, што мне сьпявала.

І вобраз —

прыгожы,

ясны —

назаўсёды застанецца...

Гэта-ж я ўскормлены малаком з тваіх грудзей; гэта-ж ты навучыла мяне сьпяваць.

Маці мая —

родная і дарагая!

Вялікая і пакутная —

беларуская маці-сялянка!