Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Іду гэта я... Холадна стала. Дай, думаю, зайду папрэцца...

Апусьціўся накарачкі, трасуцца рукі, грэе іх.

— Адкуль ідзеш? — зьняважліва глядзіць Алісей.

— Ядры яго калясо... Ад Цімаха Самсоненька... Кулак — так яго...

На два крокі нясе перагонам. Словы такія агідныя, брудныя.

Кажа пра сваю крыўду.

— Сукін ён сын... Працаваў-жа я два дні. Склаў печ у новай хаце.

Выпілі... Кажу — так і так — давай разьлічымся... Тры рублі з цябе. Не казаў-бы ты, што ён кулак. «Якія — кажа — грошы? Усім за гарэлку працуеш, а з мяне грошы?» Тут, браткі, і ўскіпеў я. Што за дзела каму? Можа я другім зусім дарма. Таму — я пролетары як ёсьць... Дзе мая хата, дзе мой двор?.. Эх, ты сіла нячыстая, ядры яго калясо! Жыць я хачу, а ён мяне выкінуў... За што? — пытаюся...

— Ты ляж ды прасьпіся, — параіў Алісей.

Не гаворыць, а крычыць ён, а ўсё гэта далёка чуваць.

— Не магу я спаць. Н-ня буду! Я пайду... Ну, і пакажу-ж яму.

Мы сталі трымаць Халімона. Алісей навальваўся на яго сьпіну — аж трашчэлі косьці. Халімон выгінаўся, валяўся па расе ды брыкаўся нагамі.

— От, чорт! — вылаяўся Алісей і таўхнуў яго ў сьпіну.

Той паваліўся на зямлю, захрыпеў і бруднымі словамі вылаяўся на нас. Потым узьняўся на ногі, пабег на дарогу — босы, па колкаму іржэўніку.