Сядзіш гэта, глядзіш, аж дух забірае, добра на душы робіцца.
Ён курыць махорку, заглядае мне ў твар, папраўляе агонь, кажа разважна:
— А ў нас, брата, многа яшчэ такога, што ажно сэрца сьціскаецца. П’янства гэта, бойкі... Ёсьць, праўда, новыя людзі, ды вельмі-ж мала іх. Ці-ж раптам вырвеш хваробу з каранём?.. Я, вось, думаю часам: устрывожыць-бы чалавека, падняць яго на ногі ды сказаць: «ты — чалавек! А раз так — не рабі подласьці, жыві па праўдзе, дружа...»
Я кажу што думаю.
Тады Алісей Сімчанок гаворыць мне самае патаемнае з сваіх дум, расчыняе дзьверы, паказвае дарогі, па якіх можна дайсьці да лепшага.
І гэтай гаворкай апраўдвае сябе і сваё жыцьцё. Трыццаць гадоў пражыў ён, прайшоў практыку, таму і лёгка гаворыць аб усім, ня пужаецца, што паскаўзьнецца...
Ведаю я такое: жыў Алісей бяз бацькі, бедным быў. Была сіла, а рук не к чаму было прыкласьці — зямлі мала, хадзіў па заработках. І быў ён з самага пачатку ў Чырвонай арміі. Біўся з бандытамі, палякамі, і на левай руцэ не хапае двох пальцаў. Чорны, у парваным шынялі прышоў на бацькаўшчыну. Чалавек усяго паспытаў у жыцьці і мінога чаго зразумеў. Вышаў ён на вясковай сходцы, дзе мужыкі ў дзьве партыі чуць не каламі біліся за падзел зямлі — і крыкнуў, стукнуўшы па сталу кулакам:
— Неча тут злыдні разводзіць! Рэволюцыя, грамадзяне, прайшла, а вы, здаецца, ня прыкме-