ным. За тых багоў — магутных і бязьлітасных — няверных расьпіналі на крыжох.
Заўсёды любіць чалавек жыцьцё, і розум падказаў яму, каб жыць у барацьбе і выйсьці пераможцам.
І сілаю вякоў, патрохі людзі падзяліліся на два варожыя станы, як горы падзяляюць землю.
Мацнейшыя прымусілі слабейшых служыць ім вераю і праўдай аж да магілы, аздабляць жыцьцё іх багацьцем, што здабывала Праца ў руках слабейшых.
Прышла нянавісьць — стварэньне злое чалавека, кавала ланцугі ў пачуцьцях жаласьці.
І кожны, узьняўшы рукі да нябёс, казаў у млосьці:
— Я жыць хачу!
А разам гаварылі:
— Мы хочам жыць!..
Пабудавала Праца непамерная — з цярпеньнем, верай, з мазалямі на руках — палацы, турмы, сёлы, гарады, цэрквы — служыць багом сваім, прыносіць ім ахвяры.
Параскапала горы чорнымі рукамі, здабыткам-скарбам аздобіла кругом жыцьцё. Зазіхацела багацьцямі зямля. А людзі з Працай прымусілі служыць ім і сьвятло і змрок і сонца.
Прыдумаў чалавек вясельле песьні каб разьвеяць сум і боль.
З песьняй праца весялей ішла. Ёй людзі склалі гімны, апелі так ва ўсіх праявах — формах.
Побач з палацамі туліліся сырыя сутарэньні, дзе голь, жабрацтва і нянавісьць.