Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сьвятло ад вогнішча кідаецца на яго пачарнелы жарсткаваты твар, на пастрыжаныя калючыя вусы і на шапку цёмна-русых валос. Ён думае. Сагнуў у каленях ногі, абхапіў іх рукамі, паклаў бараду на калені, глядзіць на мокрыя свае анучы.

Мне-б так хацелася ведаць, аб чым думае гэты сур’ёзны чалавек!

Хутар яго блізка, нават чуваць, як брэша сабака, як засьпяваў певень, як гавораць на хутарох людзі. Грызуць двое коняй пажаўцелую траву, хрыпяць ноздрамі. У лесе далёка-далёка шуміць нешта — ідзе буралом. Недзе ў сярэдзіне хутароў, на полі, чутна песьня, а можа простая сугучнасьць неразборлівых слоў.

І плывуць гэтыя словы — чыстыя, сьветлыя.

Так радасьць выплывае ў чалавека — то ціхая то бурная, гатовая захлыснуць, як хвалямі, берагі чалавечага жыцьця...

Заслухаўся я. Маўчыць ды слухае Алісей Сімчанок.

Вось нам-бы цяпер пачуць слаўную дзявоцкую песьню, што сьпяваюць у задумённую купальскую ноч, прыслухацца да яе, ніц лёгшы на зямлі — узбудзіла-б яна, ускалыхнула, загукала-б да сябе. Бо што-ж чалавеку болей трэба, як ня імкненьне?

З імкненьнем абойдзеш зямлю — з добрым, прыгожым, — не заблудзіш на моры і ў лесе. Зачарованым будзеш, чалавек! У імкненьні — пажары і сіла!..

Можа і думалі мы аб гэтым...

На тым беразе рэчкі, за кустоўем — густая някошаная трава і на ёй буйная раса — сьлёзы.