Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ

I

Гарыць агонь...

Люблю сядзець уначы каля вогнішча, падкладаць у сіняе полымя дровы ды слухаць іх трэск — мудрую неразгаданую гаворку. Так от сядзеў бы, драмаў, думаў — і ўсё-б кругом драмала і думала, зьліваючыся ў адну душу...

Так было перад восеньню.

Першыя замаразкі на полі, халаднавата ў паветры. На іржэўніку срэбраная павучына. Пад раньне ападае на зямлю з туманам халодная раса. А ў поўдзень, як выблісьне залацістае сонца, зямля будзе мокрай і сьвежай, зашавеліцца жоўтае лісьце на дрэвах...

Мне заўсёды здаецца, што думае ноч вялікую думу-казку, бо тады галасы робяцца ціхімі, з пагалоскам, быццам прыдушаныя, — слаўна разьбягаюцца яны па паверхні халоднай зямлі, усё слухаюць — што скажа, якую думку падасьць галасам карміцелька — хлебная маці-зямля!

Так зыкі бягуць і зьнікаюць, пакідаючы на дарозе сьляды перадуманага і перажытага чалавекам...

От сядзелі мы з Алісеем Сімчанком уначы, супроць яго хутара і хвойнага лесу, ля самай рэчкі.