Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Кося, кося!.. Замёрз, мусіць, трасешся, усё-ж такі халады вялікія пайшлі. Дый стар ты ўжо, як і я сам... Э-эх, нябога!

І даўшы сена, пахадзіўшы па двару, за пунямі, пагутарыўшы з лахматым сабакам Ратуем, ідзе назад у хату.

Удзень пляце лапці, вяроўкі ўе, калі патрэбна, а больш ён сядзіць ці ляжыць на печы. Лежачы адчувае, як ломіць сьпіна, як баляць рукі і вельмі цяжка дыхаць. Часта паднімаецца з грудзей ні то злосьць на сям’ю, на сваіх родных, ні то зайздрасьць, што яны маладыя і ня так жывуць...

Вышла так, што быў ён у маладосьці самым дужым мужыком на сяле, а цяпер — прышла старасьць, разламала чалавека — адна труха засталася. Можа так яно і павінна быць?

Цяжка жыць, дый паміраць ня хочацца!..

III

З усёй сям’і дзед любіць толькі васьмігадовага праўнука Грышку — віхрастага, востравокага; шустрага хлопчыка.

Грышка прыходзіць са школы, садзіцца за стол і чытае моцна, на ўсю хату кніжку. Дзед з печы глядзіць мутнымі, прыжмуранымі і добрымі вачыма.

— Грышка, — крычыць ён з печы, — прачытай ты там яшчэ пра гэтае самае, — не дачуў я.

— Во захацеў што стары! — заўважае нявестка.

— А табе што? — злуецца дзед на Мар’ю, бо часта яна перашкаджае ў адзінай маленькай радасьці.