Жывыя бясформныя істоты поўзалі па зямлі. Адны любілі сьвятло, другія — змрок. Жылі і поўзалі, зьнішчаючы адзін другога, бо ўсе хацелі жыць.
І нарадзілася тады вялікае і гордае стварэньне — чалавек — ад Сонца і Зямлі.
Ішлі за векам век, — зьнікалі, нараджаліся, а чалавек той рос, браў уладарства над істотамі жывымі.
А сонцам апалены, ён стаў на дзьве нагі і выпрастаў ён грудзі, дзе сэрца білося бунтоўнае і гордае, сонцападобнае па палкасьці, зірнуў на сьвет вачмі — адбіткамі ўсіх колераў нябёс.
Стаў песьні чалавек складаць жыцьцю — і радасьць разам з ім была, і сум, надзеі і сумненьні...
Быў лепшы чалавек за ўсіх, бо розум сьмеласьцю ахопліваў прасторы недасяжныя.
А разам з ім былі і неразлучна з ім хадзілі за цьвёрдым поступам яго — жыцьцё і сьмерць, нянавісьць і вялікае каханьне — у постаці жанчыны.
Быў чалавек уладаром жыцьця.
II
Краіна — сярод мораў, вазёр, балот, лясоў глухіх, стэпаў шырокіх і неаглядных. Тут пасяліўся чалавек.
У падобных масе (было імя ім легіён) — схаваўся вобраз чалавека, зьліўся ў агульным слове— Людзі...
Заўсёды любяць людзі служыць чаму-небудзь — і думкі падказалі пабудаваць сабе багоў — па вобразу і вартасьці сваёй. І сталі пакланяцца сабе падоб-