... Доўга цягнуцца зімовыя дні, а яшчэ даўжэй ночы. Цёмныя, няпрыветныя, пужаюць яны дзеда. Многа разоў ад пачатку да канца перадумае ўсё.
І ўвайшло ўжо ў прывычку яму гаварыць сям з сабою. Варочаецца на гарачай печы. Сьвішча ў коміне мяцеліца, сьпявае пад загнетам цвыркун. Востра чуе дзед, як брыкаюцца ў стайні коні, хрумсаньне сена ці блекатаньне авечак чуецца.
Досьвіткам, раней за ўсіх устае дзед. З пячурак дастае каравыя анучы, трэ’ ці аббівае іх аб прыталку, заварачвае на ногі, а калі не знаходзіць чаго, сам з сабою гаворыць:
— Дзе-б яно магло падзецца? Ды ліха-ж яму! Во — праява...
Нявестка Мар’я варочаецца на палу.
— Чаго ён, стары гэты, вархал паднімае? Ляжаў-бы сабе... Што яму?
Патрошкі находзіць на нявестку злосьць: гэта-ж яна заўсёды так. І ён кажа са злосьцю:
— А табе што?
— Нічога! Спаць во не даеш...
— Ну, і ляжы сабе калом, калі нічога. Ня высьпяцца яны ні разу...
На дварэ ледзь-ледзь сінеецца раньне. Сьнег уваслаў стрэхі і двор. З сяніцы дзед нясе ахапак сена; у прыцемку доўга шукае каня. Конь гняды, стары, з тоўстымі косткамі і крэпкай персьцю. Піліп знаходзіць зад каня, і, пагладжваючы, дабіраецца да морды.
Пачынае гаварыць з канём.