І з таго часу ў дзеда чацьвёра сыноў было: адзін памёр, другога сасна ў лесе забіла. З старэйшым Пракопам жыве, а малодшы ў падзеле. У сыноў зьявіліся дзеці, у дзяцей яшчэ дзеці. Многа іх паўмірала, многае на сяле зьмянілася, перарадзілася, пералілася ў новыя формы, а дзед Піліп усё жыве ды жыве і сам давіцца і ўсё паміраць ня хочацца. Хоць і жыцьцё нядобрае, але, здаецца, жыў-бы да жыў...
Зіма — халодная і няпрыгожая пара.
А вось вясну дык дзед любіць больш за ўсё, у старога прыбаўляецца тады многа сілы. Сходзяць паводкі, у нізінах па палёх яшчэ сьнег ляжыць, зямля — як парадзіха тая, а на лугох — ужо зелень. З печы дзед глядзіць на вуліцу, рэдка выходзіць калі, каб паглядзець на ажыўленьне жыцьця.
А як расьцьвітуць сады, стануць яны малочнымі, на вуліцы зьявіцца пыл, і сонца стане ласкавым, тады выходзіць на прызбу. Хаты на вуліцы выставіліся, як напаказ. На вуліцы пахне гноем і лёгкім сінім паветрам. Дзед сядзіць і дапытнымі вачмі аглядае вуліцу.
У самае лета, у гарачыню, дзед любіць хадзіць на поле. Апіраючыся на палку, ідзе па дарозе. Бабы жнуць, блішчаць сярпы, Ціханька шуміць жыта. Стане на дарозе, прыставіць далонь к вачам ад сонца і паглядае. І зараз-жа праходзіць усё яго жыцьцё... Пачуецца жніўная песьня — ускалыхнецца дзедава старое бяскрылае сэрца і яшчэ больш захочацца жыць.
А паміраць-жа трэба некалі!..