мы дзесятак — ды хіба-ж іх пералічыш? Давяць вось так адзін год на другі, прыціскаюць к зямлі, як бервяно к бервяну ў старой хаце. Каб нават на бірцы кожны год адзначаў, дык і тая-б спарахнела, а чалавечая памяць нядоўгавечная, розум ня ўсё стрымлівае, волас бялее і выпадае, рукі дрыжаць, дыхаць цяжка, бо вялізная гара на тых плячох дзедаўскіх.
Рукі ў дзеда вялікія, карузлыя, пальцы добра не разгінаюцца, вочы мутныя. І няма ў руках сілы — няма яе, тэй сілы ранейшай, калі...
І вось так гэта дзеду ўспамінаецца пражытае, што добра, а што — не!
Перш за ўсё — прыгон. Цэлай сям’ёй, цэлай вёскай, да стомы, ці зьнямогі працавалі на пана. А хто з прыганятых успамяне пана і прыгон добрым словам? Памёрла на жніве маці ў гарачы поўдзень з сярпом у руках, сьпіўся ў карчме бацька. З шаснаццаці год стаў Піліп поўным гаспадаром.
Гора было, сьлёзы, няўдачы. Эх, і чаго толькі ня было ў жыцьці!
За сялом ляжыць поле — зямелька неўраджайная, абапал балоты і лес. Кавалкі сенажацяй раскінуты ў розных мясцох — «Тахма», лагчына, пчальнік. У пчальніку была пасека панская, на ўзгорку двор... Выяжджаў пан на сваю сенажаць з гасьцямі, на прыгожае месца, весяліўся там і сьпяваў песьню, з якой мужыкі помняць толькі слова — «Эх-ма!» З таго і празвалі «Тахмою».
Многа Піліп за сваё жыцьцё патаптаў лапцей, многа чуў крыўды, што не загаіць яе ніколі. У карчме гуляў — душу весяліў.