Голас у яго басавіты, як-бы ахрыплы.
— Яно правільна, Мікола, як ты кажаш. Гэта ўжо не рахуба, калі свой чалавек ды гэтае самае...
— Якая ўжо тут рахуба? Што і казаць... Злыдні адны тут — скажу я табе — вось што...
Мікола, сусед — стаіць сярод хаты, расставіўшы ногі засунуўшы за пояс абедзьве рукі, цыгарка пыхкае з-пад павіслых вусоў.
Дзед Піліп не дачуў гаваркі з самага пачатку. Ня можа зараз разьвязаць, пра што гавораць, а яму-б дужа хацелася самому ўставіць хоць пару слоў. Чуе дзед, як шугае трошкі мяцеліца, гоман людзей на вуліцы ды рып палазоў. Мусіць, марозны дзень і сонечны!
Нявестка на палу з кудзеляю. Зморшчакі ёсьць, худы твар, у голасе ласка. Правай рукой выводзіць доўгія суравыя ніткі, гудзіць прасьцень у руцэ, левай — выскубае кужаль, а гойдаючы нагой калыску, падпявае, каб суцішыць неспакойнага малога, прыцішаным голасам, роўным, павольным:
Сьпі, мой коцік,
Сьпі, мой мілы,
— а-а-а-ай...
Дзеда супакойвае песьня, быццам гэта яму хто сьпявае:
Пайшоў коцік на таржок
Прынёс Яську піражок...
— Баю-ба-ай!..
— Што ні кажы — гаворыць Мікола, — а беспарадкаў гэтых многа...
— Ліха іх — свае-ж, — адказвае Пракоп.