— Адыйдзі, крываротая рожа, а то прыцісну — і канец табе... Ня будзеш тут з начальствам, як з ражном насіцца...
— Што-о? Супроць уласьці... бунтаваць?
— Па-айшоў ты к ліху з уласьцю сваёй!
Андрон горача лезе з натоўпу, пхае людзей.
— Мужчыны, а што-ж пасьля будзе, га-а? — нечы спуджаны голас.
А ў мужыка — гарачая кроў. Калі што — ня ўпусьціць, на прабіцьцё пойдзе, ні Сібір, ні турма — нічога ня страшны, бо загаворыць жывая крынічная сіла народная, усё разварушыць, а тады хоць і самому скласьці галаву— не пашкадуе.
Поп лугінаўскі вышаў угаварваць людзей, даўней словам яго былі пакорны лугінаўцы, а цяпер яго ня слухалі.
— Божа, барані ад народнай стыхіі! — шырокім махам рукі перахрысьціўся пол і, дробна трусячы і заплятаючыся ў адзежы, пашыбаў на ганак сваёй хаты.
Стаіць ураднік, выцірае рукавом сьліну з роту, твар злосны і крывіцца ад зьнявагі.
— Н-народ, расхадзіся ты, па чэсьці прашу!
— Я табе пакажу чэсьць...
— Даўно глуміцеся!
А Дар’я ў хаце словамі жалобнымі, расьцягнутымі пераказвала сваё гора:
«А як-жа я, людзечкі, пражыву-у,
А няма-ж мне пракарміцца чым з дробнымі
дзецьмі...»
Абступілі мужыкі ўрадніка, звалілі на зямлю. Ціскаць нагамі, біць сталі — злосьць сваю выказвае