Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

баб і ў дзесяты раз апавядаў пра тое, што досьвіткам вышаў ён паглядзець парубку ў лесе, — ціха было, раса капала, журавы курлыкалі...

Угледзеўшы скамечаны труп нябожчыка з вяроўкай на шыі, пасінелы твар і вочы, якія шырока і абыяка глядзелі на ўсё, мужыкі скінулі шапкі, нахілілі галовы, перахрысьціліся некаторыя... і нешта зарадзілася ў сярэдзіне кожнага, расло яно ў мужычай душы — ці крыўда, ці злосьць, ці яшчэ што, — толькі заўсёды пакідала яно глыбокі сьлед.

Плач Дар’і ў сасновым лесе далёка разнасіўся.

Тады дзед Сапрон — вельмі стары, сівы і лысы — блізка падышоў да Дар’і, затармашыў яе нахілены стан за плячо, і голас яго быў глухі і сіплы:

— Ты, Дар’я, ня дужа плач! Вялікае гора сьлязамі ня змыеш, а горш толькі сабе зробіш... Яшчэ і ня гэта было... Чаго толькі я ня помню на сваім вяку?

Абвёў усю грамаду ня зусім зіркатымі вачыма, сказаў яшчэ:

— Э-эх, многа чаго помню!.. Лёс такі наш...

Усе прыціхлі. Толькі шушукаліся між сабою лапы сосен, на розныя лады вялі гаворкі.

Маўклівым, як хмара, быў Андрон. Зьвесіўшы галаву, вёў ён каня па карэньні. Дрыгацелі калёсы, і хісталася з боку на бок цела Максіма-самагубцы...


На падводзе прывезьлі з воласьці старасту Макея, параненага ў жывот. Ляжаў ён у сваёй хаце на лаўцы з перавязаным жыватом, ціха стагнаў і глядзеў прыжмуранымі вачыма на кут з абразамі.

Людзі асадзілі Макеяў двор. Крычалі, гудзелі.