дагнуліся ў каленях ногі. Захрыпеў сук, загойдаўся, і пасыпалася з яго раса на траву — халодная, чыстая, бы крышталь. Здушана крыкнуў Максім і захістаўся, задрыгаўшы нагамі, потым выцягнуўся роўна і застыў так. А каравы сук, гойдаючыся ды раняючы расу, разламаўся ад цяжару, і цела пачало апускацца з вяроўкай на шыі ў карэньні сасны, тварам кнізу, на сівы і пахнучы шырокім раздольлем ды цёплым аржаным хлебам стары мох...
Пачало падыходзіць раньне, паразьбегліся з неба зоркі і папоўз усьцяж па полі туман.
Крычала ў лесе сава, скардзілася, нібы плакала маленькае дзіцё.
— Куга-а-а... куга-а-а!..
А сосны шумелі ды шумелі.
Туман стаяў над Лугінамі, буйна падуваў вецер на іржэўніку пустога поля, і марозная золкасьць была на зямлі.
Людзі пачалі прачынацца, як і заўсёды, — ціха, мала прыкметна на дварох і ў хлявох застукалі, запалілі печы, і дым, спускаючыся са стрэх, слаўся па вуліцы ў знак нядобрай пагоды...
Прышоў лясьнік у хату Андрона — мокры, аброшаны. Скінуў стрэльбу на лаўку, апусьціўся сам і так доўга сядзеў. Андрон адчуваў, што той хоча нешта сказаць, а лясьнік хукаў на рукі ды паціраў.
— Росы вялікія пайшлі, — гаварыў, ходзячы па хаце, — і ў паветры ўжо холадна так, азызнуць можна — зіма набліжаецца... Досьвіткам бачу сягоньня: ходзяць журавы па балоце...
— Што з іх, з журавоў гэтых?