вечак, маленькі, з вялізнай галавою, падобны да старасты Макея, накідае на шыю пятлю з вяроўкі, каб ушчапіць на сук сасны.
— За што? Ня дамся я, — звонкі ў Максіма голас, усё заглушае. — За мяне сяло будзе гарою стаяць, людзі паднімуцца, і ня будзе сілы тэй, каб стрымаць сілу бядняцкую, мужычую сілу...
І плача Максім...
Плача аб сіле загубленай, сьлязамі жыцьцё абмывае, бо пацякуць тыя сьлёзы рэкамі вясновымі, забурляць, загамоняць, прабудзяць спрадвечную сонную сілу.
— Хто-ж мяне знойдзецца павесіць?
Пытае Максім, а нехта кажа яму:
— Дык загоняць на край сьвету. Кайданы будуць бражджэць на нагах. Мёртвым ляжаш у чужой зямлі. А каму-ж свая зямля застанецца?
— Лю-юдзі?!
Выцер Макош халодным рукавом з ілба пот, адранцьвелымі рукамі шыбка расьперазаў пяньковую вяроўку, што была замест пояса, ашчупаў тоўсты каравы сук на сасьне. Тады ўжо супакойна завязаў вяроўку, паспрабаваў яшчэ ці моцна. Раптам ускінуў на шыю пятлю, стаўшы на цыпачкі і выцягнуўшы ўперад шыю, сьцяў зубы... Маланкаю мігнула думка: што-ж Андрэйка? Ня знойдзе ён у жыцьці свайго шляху — эх, вывесьці-б яго!.. Тады задрыжэлі ногі ў каленях, заляскалі зубы, круглымі сталі вочы; нязвычайная млявасьць разьлілася па ўсяму целу і стала жудасна: зьявіліся новыя, няясныя формы думак — захацелася падняць рукі, каб разьвязаць вяроўку, ды ня было ўжо сілы, па-