Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таксама хлапец хоць куды — на работу, на ўсё быў дужы і здатны. Падсеў Максім пад жытнёвую калу, ахапіў Дар’ю за кашулю за белую. Грэла сонца і горача так, вось быццам зараз, аж пот цячэ. Ласкава гаварылі яны пра жыцьцё, і сьпявала Дар’я звонкім дзявочым голасам на ўсё поле, і голас так разносіўся па паплавох, і пагалоска ўвечары бегала, як цяпер ад воўчых зыкаў; сьпявала хораша такую песьню:

Пасылала мяне ма-а-ці-і

Зялёнае жыта жа-а-ці-і...

Шумяць сосны.

Ці буйнае жыта шапаціць, можа?

Эх, як слаўна ісьці на лузе па скошанай траве, нюхаць пах красак, размахнуцца шырока касой-канавалкаю, добра адточанай, застыць у такім стане ды слухаць — не наслухацца ў высі нябёс вясёлага жаўранка!

— Людзі... браточкі мае!.. Цяжка мне!..

Шэпча Максім, просіць аб нечым.

— Родныя мае, ці чуеце вы?

Ня ведае Максім — сьпіць ён ці не. Перадумаў усё жыцьцё, самыя дробязі, самыя нязначныя здарэньні, вобразы людзей і шчасьця. І скончылася тым, што Максім — ціхага, нявіннага чалавека — вядуць к земскаму. Страшны гэтыя людзі, бы зьверы ўначы. Стукае земскі па сталу, крычыць немым голасам, прысуд свой выносіць:

— Скаты! Павесіць яго на сасьне!...

Ці не на гэтай, што так шуміць?

Усхапіўся Максім асуджаны, схіліў галаву сваю незадачную, пакорную. Падыходзіць жоўты чала-