Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

я за гаспадар?.. Бунтаўшчыком выставіў мяне стараста... Засудзіць хацелі мяне... Э-эх!..

Яшчэ раз, як і ў воласьці, несьвядома гаворыць Максім пра сваё жыцьцё, пра векавечныя пакуты і маленькія радасьці.

Шкода людзям свайго чалавека.

— Што-ж мы зрабіць можам?

— Э-эха-ха-а!

Ізноў загаварыў старэйшы:

— Бяжы ты, чалавеча, у лес, а то горш будзе, бяжы хутчэй! Забіў — ну што з таго? Можа варты чалавек быў таго? А ў цябе сумленьне баліць... Аблягчыў ты сваю душу — ну, і бяжы, можа і не пападзешся...

Тады Максім паслухмяна пашыбаў да лесу. Глядзелі ўсьлед падарожнікі. Ім што? Пабылі на адным месцы, пераехалі ў другое... А да Максіма ізноў прышла абыякасьць — прайсьці-б няпрыкметным усю зямлю! Ды пасоўваліся нага ў нагу сьледам маладзіковы і зоркавы цень па зямлі. Толькі лес гэты — сасновы лес, чорны ды жудасна маўчыць. Хоць-бы раз ён скалыхнуўся, хоць-бы віхор які наляцеў ды скалыхнуў за магутныя плечы, — тады-б весялей, можа, было на сэрцы! Калі на душы чалавека буры, а вакол ціха, як у труне, — горш пераносіць гэта.

І вось здалёку, з самай глыбіні імшарніку, за лядамі, загаласіў галодны воўк, а пагалоска па лесе страшная паняслася; падхапілі яшчэ з розных канцоў завываньні, узьнімалі высока, цягнулі доўга і працяжна...

Сеў пад сукаватай сасною на карэньні, падумаў аб тым, што яму рабіць; палажыў на калені галаву,