Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Максім, асьцярожна тупаючы нагамі, пайшоў за старастам і ўраднікам на двор, у адседку, бо яму ўсё роўна было, куды ісьці, абы разьвеяцца, разагнаць нядобрыя думкі. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга.

Яшчэ ў тым пакоі чутны былі крокі земскага, скрып яго лякіраваных ботаў і незразумелае, але чамусьці крыўднае слова, сказанае земскім расьцяжна:

— Іды-ё-т-ты!..

На дварэ павеяў вецер і стала лягчэй; вецер прагнаў з ілба халодны пот... Дзьверы загрымелі жалезнай засоўкай. У цемень, асьцярожна, быццам баючыся каго, увайшлі. Чуць відна вакенца і там жалезныя краты. Многа з мужыкоў тут сядзела, а Максім ніколі. Не ўвайшоў разам ураднік. Пайшоў ён за вугал, пад нагамі ў яго вада хлюпцела і звонак быў кашаль. Нічога не гаварыў Макей. Вялікім сумам, бязьмежным павеяла на Максіма. «Хоць-бы ён адно слова сказаў», — думаў, ды нешта галава разбалелася, ногі дрыжэлі, пад пахамі і на ілбу выступіў халодны пот, а над усім панаваў сум. Адступіўшыся на сьлізкай падлозе, стараста таўхануў Максіма плячом. У цёмным глухім куце іх было толькі двое, бо не варочаўся ўраднік, а ўсё кашляў за вуглом. Раптам к Максіму прышоў бадзёры і злы настрой: захацелася дужа пасьмяяцца над Макеем — такім някудышным і маленькім. Максім засьмяяўся сухім сьмехам ды ўзяў старасту за шыварат...

— Чаго ты?

— А-а, — спалохаўся!