шрам ля вуха і, успомніўшы пра горад і сям’ю, міжвольна думае:
«Адкуль у яго шрам гэты? Як ён можа бунтаваць?» і разам слухае нязьвязную, ціхую гаворку Максіма:
— ...Сам я хворы чалавек; у лесе калода грудзі мне аддавіла. Сілы няма. Спраўлюся — да капейкі заплачу.
Сіняя жыла на руцэ земскага пачынае больш біцца, нэрвовасьць узрастае, а разам з ёю — злосьць на некага.
— А вось скажы ты мне, мілы чалавек, чаго ты бунтуеш?
— Гаспадзін земскі! — умешваецца стараста, — гэта так і ёсьць у точнасьці, усе могуць пацьвердзіць. З братам Андронам яны муцяць мужыкоў.
Земскі гаворыць зусім раззлавана, забыўшы пра горад і баль губарнатарскі:
— А ведаеш, што за гэта? За гэта, мілы чалавек, Сібіры мала. Усё жыцьцё можаш у турме прагніць... так...
— Ня йшоў я супроць уласьці. Невінаваты я — людзі ўсё нагаварылі...
Тады земскі, забыўшыся пра ўсё, стукае кулаком па сталу, ажно задрыжэлі акуляры. Вобраз Максіма ўстае перад ім, як аграмадны вобраз нянавісьці, злачынства і нечага цёмнага.
«Зьвер!» — ціха шаволіць губамі злачынца.
— Вінават? гавары! — дапытваецца земскі, шпарка ходзячы па пакоі. Ён відавочна бачыць, як рушацца яго погляды на мужыка, выказаныя пісару, як разьбіваецца ў грудзёх нешта падвойнае.