Ураднік са старастам сталі каля сьцяны, Максім — пасярод пакою. Земскі, ціха гушкаючыся на крэсьле, аглядаў сагнутую постаць Максіма ў мокрай сярмязе, гразкіх лапцёх, з пераблытанай кучмаю валасоў.
Стала лёгкая цішыня.
У земскага захадзілі сківіцы, і ён адчуваў, як б’ецца жыла на левай руцэ.
Земскі расчыняе справу за 1914 год. «Супакою не даюць», — думае ён, а, зьвярнуўшыся да Максіма, ласкава гаварыць:
— Ну, Максім Холад, раскажы сваю справу...
Як яе пачаць? Што гаварыць? Няма слоў у Максіма. Глядзіць на ўсіх мутнымі вачмі, бачыць акуляры земскага, прыжмураныя ў ухмылку вочы пісара, насьмешлівасьць старасты і абыякі да ўсяго твар урадніка... Цяпер-бы легчы ды салодка так заснуць!
Плыве прыбраны пакой, варушыцца; у залатой аправе партрэт барадатага чалавека з мэдалямі і крыжыкамі глядзіць сонна.
«Гэта цар! — думае Максім. — А чаго так злосна сьмяецца стараста? Чаму так блішчыць пярсьцёнак на пальцы земскага?»
Ён маўчыць. Потым ціха ў галаве заплятаецца ня зусім яскравая думка пра сваё жыцьцё...
— Пан земскі!.. Няўрод быў у гэтым годзе. Мала зямлі ў мяне. Пошасьць на скаціну... Знацца, здохла ў мяне карава...
Земскі паварачваецца і глядзіць у твар Максіму: худы, з рэдкай барадою твар, маршчыністы лоб,