Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ат, гаворка мая — мой і адказ, справа ня ваша...

— Як гэта — ня наша? Чыя-ж?

— Абчэсьцьвеннае... народнае дзела, — кажа стараста.

Спыняецца Макей, тупае ботамі, тады і Максіма бярэ злосьць.

— Ведаю, як вы для вобчаства! Ці-ж хто з вас думае аб гэтым? Ці-ж вы беднага чалавека можаце зразумець? Рады вы з чалавека скуру апошнюю садраць, у блін раздавіць яго...

— Ты змоўкні... — вяла просіць ураднік. — Дзеля гэта мы як сьлед разьбярэм — па праўдзе па чыстай, па сумленьню... законна разьбярэм... д-да-а...

— Праўда тут, каб яна спарахнела!

Шкода і крыўдна Максіму, што ідзе ён супроць начы, а можа там насьмяюцца, пакрыўдзяць яшчэ больш...

«Што-ж я зрабіў такое? — нехаця разважае. — Ну, ён заможны, яго паважаюць, дык ніхто-ж ад яго не бярэ?»

Помніць, як з туману выплывае: на сходзе раз выказаўся супроць парадкаў і старасты, з таго часу і нясе помсту злы чалавек.

Стараста Макей гаварыць да ўрадніка.

— Па-арадкі, Ільля Хвёдаравіч! Часы такія цяпер... Нават свае людзі, сяльчане, якім дабра жадаеш, проці цябе ідуць...

Ураднік, хаб падтрымаць гаворку, сонна кажа:

— Гм-м... Тт-ак. Распушчаны народ, скажу табе. Бунтаваць любіць. Няхай-бы хто, а мужык ідзе супроць улады... Цар мужыка зямлёй надзяліў, а