Перайсці да зместу

Старонка:На загонах (1928).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Паднялася, кажуць, сіла нязьлічоная супроць матушкі-Расіі.

— Мусіць, цар хоча так, — знацца — патрэбна...

Як думалі, так і гаварылі мужыкі.

Стараста Макей — маленькі, юркі чалавечак — лагладжваў рыжаватую казьліную бародку, паціраў рукі, гаварыў тоненькім голасам:

— Супроць цара-бацюшкі нашага пайшлі гарманцы...

А старэнькі поп, паднімаючы ўгару рукі, расьцягла, з дрыжыкамі ў голасе:

— Веру праваслаўную, парафіяне і браты, абаронім!

Некалькі галасоў крыкнула з натоўпу:

— За якую такую веру?

— Хто хоча, той няхай і абараняе... А нам што?

Усе яны гаварылі так. Кожнаму было страшна і ісьці не хацелася, — але дзе ты супраць ражна папрэш?

— Што гэта гарманец задумаў такое?

Андрон абурана кінуў некалькі слоў у грамаду:

— Не гарманец адзін, а ўсе цары задумалі, бо што ім больш рабіць?.. Людзей многа разьвялося з мазалістым рукамі... Трэба зьнішчыць палову іх... А ці людзей шкода?

— Ты язык за зубамі прытрымлівай!—ашчэрыўся стараста...

— З вераю і паслушаніем, брація, — заклікаў да парадку бацюшка...

І сяло плакала.