Старонка:Наша Ніва 1910 48.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Трэба аднак сказаць, што гэта нагая праўда і сіла, з якой адмалеваў Марцінкевіч свайго „Гапона“, ня гледзячы на літэратурную моду малеваць усё у рожэвых хварбах, высунуло гэты твор на першае мейсцэ ў творчасьці Марцінкевіча. «Гапон» — гэта пэрла ўсей літэратурнай працы Марцінкевіча.

Зараз пасьля «Гапона» ды «Вечарніц» у 1856 гаду Марцінкевіч друкуе кніжку:[1]Ciekawyś? przeczytaj!“, дзе разам с польскімі творамі памешчэно беларускае апаведаньне «Купала». Далей у 1857 гаду выходзіць з друку кніжка „Dudarz białoruski";[2] ў ёй так сама паміж другімі польскімі творамі-беларускае апаведаньне „Шчыроўскіе дажынкі“, ды беларускі «Верш Наума Прыгаворкі», каторым Марцінкевіч прывітаў ў 1856 гаду прыехаўшых у Менск: скрыпача Аполінараго Контскаго, музыку Станіслава Монюшку ды песьняра-мінчука Людвіка Кондратовіча-(Сырокомлю). З гэтых знаменітых людзей толькі адзін Контскі быў незнаёмы дагэтуль Марцінкевічу, бо Монюшку знаў с часоў як пісаў «Sielanku», а з Сырокомлей пазнаёміўся быў у першых днях чэрвеня 1855 года, калі ён прыехаў да Мінска сабіраць матэр’ял да гісторыі гэтаго места. Тады, ў 1855 гаду, ў доме Марцінкевіча Сырокомля напісаў Марцінкевічу па польску вершык, ў каторым дзякуе яму за гасьціннасць і за мілае ды сэрдэчнае прыняцьце. Контскі ў 1856 гаду сам злажыў візыт Марцінкевічу, каб выказаць і свой шацунак беларускаму песьняру. У доме Марцінкевіча застаў Контскі свайго прыяцеля Монюшку і песьняра Сырокомлю, каторы прыехаў да Менска і прывёз з сабой новаго маладога беларускаго паэта, Вінцука Коротынскаго. Коротынскі тады напісаў па беларуску вершык, каторым славіць гасьціннасць Марцінкевіча і дзякуе за сэрдэчнае аднашэньне да яго асобы.[3] Сам Марцінкевіч, каб добра адсьвяткаваць бытнасць у яго трох знаменітых людзей, напісаў свой „Wierš Nauma Pryhaworki“, каторы і прачытаў госьцям. Верш гэты памечэны днём 25 кастрычніка (акцябра) 1856 года.

Год 1859 быў апошнім годам выдаўніцкай працы Марцінкевіча. Цэнзурные полягчэньня для беларускаго друкаванаго слова скончыліся і кніжку Марцінкевіча «Pan Tadeusz», перэклад паэмы Адама Міцкевіча, конфіскавалі зараз па выходзе яе ў сьвет. C таго часу Марцінкевіч ня мог ужо нічога друкаваць ў беларускай мове, аднак пісаць не пакінуў. У гэтым часе ўсе ўжо чэкалі скораго скасаваньня прыгону, і вось Марцінкевіч пішэ вершык «Wiesna hoład pierepała», ў каторым жыва і ясна малюе ён радасць, надзею і погляд на гэту важную справу простаго селяніна.

  1. Ciekawyś? - przeczytaj! Napisał Wincenty Dunin-Marcinkiewicz. Minsk 1856 in 8⁰.
  2. Dudarz białoruski przez Wincentego Dunin-Marcinkjewicza. Minsk 1857. in 8º str. 117.
  3. Творы Вінцука Коротынскаго дагэтуль не друкованы. Сын паэта, Владыслаў Коротынскі, ў Варшаві сабіраецца надрукаваць ў аднэй кнізе разам з другімі і беларускіе творы свайго бацькі.